Беларусь мае тры гады на рэфармаванне вышэйшай адукацыі
Былы рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін распавядае, ці паспее краіна, якую авансам прынялі ў Балонскі працэс, за тры гады правесці рэформы.
Беларусь павінна правесці рэформы ў вышэйшай адукацыі, змяніць сітуацыю са студэнцкім самакіраваннем, мабільнасцю навучэнцаў і выкладчкаў. На гэта ў краіны ёсць тры гады. Пра ўмовы, на якіх Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у інтэрв’ю tut.by распавёў кіраўнік дэпартамента адукацыі Савета Еўропы Шур Берган.
Пакрокавы план дзеянняў, які павінна рэалізаваць краіна, прапісалі ў так званай Дарожнай мапе. У ёй называюцца тры тэрміны. Да канца гэтага года Беларусі неабходна акрэсліць, што канкрэтна будзе зроблена. У наступны раз трымаць справаздачу трэба будзе ў 2017 годзе. Выніковы даклад аб выкананні умоваў Дарожнай мапы Беларусь павінна прадаставіць на канферэнцыю міністраў адукацыі ў 2018 годзе.
Аляксандр Казулін: Сам факт прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс з аднаго боку палітычны, з іншага – пазітыўны. Уключэнне ў еўрапейскую адукацыйную прастору – проста цудоўна. Таму што пры любым раскладзе гэта хоць нейкім чынам будзе стымуляваць уладу да пэўных зменаў у сферы адукацыі. Хачу адзначыць, што і міністр адукацыі – чалавек вельмі адукаваны і ініцыятыўны. Пытанне ў іншым. Наколькі яму дадуць магчымасць правесці рэформы?
РР: Вы лічыце, што прыняцце краіны ў Балонскі працэс – выдадзены аванс?
Аляксандр Казулін: Больш за тое – палітычны аванс. Гэта вельмі відавочна. Пытанне ў тым, наколькі ён будзе выкарыстаны з пункту гледжання рэальнага рэфармавання сістэмы адукацыі. Гэта пакажа час.
РР: У ідэале як можна было б выкарастаць выдадзены крэдыт даверу?
Аляксандр Казулін: У ідэале ўсё прапісана ў Дарожнай мапе. Не трэба нічога прыдумваць – неабходна проста выконваць.
РР: Якія дадатковыя магчымасці зараз адкрываюцца перад беларускімі студэнтамі?
Аляксандр Казулін: Пакуль яшчэ няма ніякіх, а ўвогуле больш магчымасцей для навучання ў розных еўрапейскіх універсітэтах. Калі ты, напрыклад, вучышся ў адным ВНУ, але па некаторых абставінах пераязджаеш у іншую краіну, то зможаш без праблем перавесціся ў ВНУ па месцы новага жыхарства… А ўвогуле, пабачым, наколькі сур’ёзныя рэформы адбудуцца за тры гады, і ці будзе беларуская адукацыйная сістэма адаптавана ў еўрапейскую.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kukso.by