Беларусь не дае Казахстану экспартаваць алкаголь
Беларусь не дае Казахстану экспартаваць алкагольную прадукцыю, на што Казахстан можа ўвесці люстэркавыя захады.
У час нядаўняй Еўразійскай міжурадавай нарады прэм’ер-міністры краін — удзельніц ЕАЭС абмеркавалі пытанні фармавання агульнага алкагольнага рынку ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Дакумент ставіць за мэту ліквідаваць бар’еры, якія ўсталёўваюцца асобнымі дзяржавамі для імпарту з іншых краін-удзельніц ЕАЭС. Аказваецца, Беларусь ставіць Казахстану „палкі ў колы” не першы год.
„Беларускі бок прапануе ўвесці кватаванне для свайго імпарту алкаголю. Але наша пазіцыя таксама адмоўная. Мы настойваем на поўным знікненні бар’ера для алкагольных тавараў на ўсёй прасторы Еўразійскага саюза”, — па выніках сустрэчы растлумачыў выканаўца абавязкаў намесніка прэм’ер-міністра — міністр гандлю і інтэграцыі Серык Жумангарын. Бакі дамовіліся прадоўжыць абмеркаванне для знаходжання кампрамісных рашэнняў.
Пытанне зноў будзе вынесена на чарговае пасяджэнне ў кастрычніку.
Беларускае Радыё Рацыя