Беларусь заняла другое месца ў Еўропе па колькасці алкаголікаў



Беларусы апынуліся на другім месцы ў рэйтынгу еўрапейскіх краін, што пакутуюць на алкагольную залежнасць. Паводле дадзеных аўтараў даследавання, ад алкагалізму ў Беларусі пакутуе 18,8% насельніцтва – паведамляе „Еўрарадыё”.

Даследаванне праводзіла прыватная рэабілітацыйная клініка Delamere. Аўтары рэйтынгу спасылаюцца на адкрытыя дадзеныя з World Population Review.

Першае месца занялі вугорцы, піша мясцовае выданне Daily News Hungary. Тут амаль у чвэрці насельніцтва выявіліся праблемы з алкаголем. А на трэцім месцы ў гэтым рэйтынгу – Латвія. Тут, паводле дадзеных даследнікаў, алкагалізм выяўлены ў 15,5% насельніцтва.

Злучанае Каралеўства замыкае дзясятку краін Еўропы з самымі трывожнымі вынікамі. Аўтары даследавання кажуць, што да ўсплёску роўня алкагалізму прывяла пандэмія і ізаляцыя. У прыватнасці, у Вялікабрытаніі людзі пачалі ў вялікіх колькасцях ужываць алкаголь дома.