Беларуска ў Берліне: Не трэба рабіць хуткія высновы



12 асобаў загінула, 48 параненыя – такі вынік берлінскага тэракту.

berlin-kamion-296704-810x0

Напярэдадні захоплены грузавы аўтамабіль адной з польскіх транспартных фірмаў урэзаўся ў натоўп людзей, якія знаходзіліся на калядным кірмашы. Злачынца ўцёк з месца тэракту.

У раёнах, блізкіх да месца трагедыі, улады адмянілі масавыя мерапрыемствы, кажа навуковая супрацоўніца Патсдамскага ўніверсітэта, беларуская паэтка Яраслава Ананка:

 Мы жывем у Шпандаў – гэта суседні раён з Шарлотэнбургам, у нас тут таксама калядны кірмаш. Мы толькі што чулі аб’яву пра тое, што яго пакуль не адкрываюць, яшчэ невядома ці адкрыюць наогул.

РР: Як у Нямеччыне з бяспекай за апошні год? Найбольш такім гучным выпадкам была ноч у Кёльне, ці пасля гэтага прадпрымаліся нейкія дзеянні? Ведаем, што не раз былі пагрозы таксама іншых тэрактаў у Нямеччыне.

Яраслава Ананка: У Берліне наогул, я не ведаю, гэта прынцып паліцыі, яны так працуюць, але працуюць дрэнна, бо паліцыі амаль не бачна, ты не адчуваеш прысутнасці паліцыі. Да гэтых усіх падзей гэта больш пазітыўна мной успрымалася, як мінімум. Цяпер бывае, што хацелася б, каб гэтай прысутнасці паліцыі было больш.

РР: Нямеччына і нямецкі ўрад вядомыя сваёй адкрытасцю ў адносінах да мігрантаў. Вядома, што розныя СМІ розную інфармацыю падаюць, але ці насамрэч мігранты з мусульманскіх краін нясуць небяспеку Нямеччыне? Ці стала больш небяспечна?

Яраслава Ананка: Я гэтага не адчуваю. Я сама з такімі сітуацыямі не сутыкалася, але зусім нядаўна быў напад на дзяўчыну ў метро, якую штурхнулі хлопцы, яна зламала руку. У інтэрнэце было відэа, усе напачатку думалі, што гэтыя хлопцы мігранты-сірыйцы, а потым аказалася, што яны балгары. Гэты выпадак стаў для мяне, маіх сяброў, і тых людзей, каментары якіх я чытала ў інтэрнэце, такім прыкладам, што не трэба рабіць хуткія высновы.

РР: Ці змянілася стаўленне нямецкага грамадства? Ці немцы адкрытыя да іншых народаў? Ці штосьці змяняецца? Ці ўсё ж па-ранейшаму гэтая гасціннасць застаецца?

Яраслава Ананка: Напэўна штосьці змяняецца.

РР: Вы, як беларуска, адчуваеце гэта?

Яраслава Ананка: Я, як беларуска, не адчуваю гэтага зусім. Усе мае сябры з навуковага ўніверсітэцкага асяроддзя, пра гэтых людзей я магу сказаць, што канешне з’яўляецца нейкая трывога, але гэтая трывога звязаная збольшага з тым, што ў Германіі будуць станавіцца больш моцнымі правыя настроі, чым небяспека, якая сыходзіць ад мігрантаў.

РР: Цяпер перадвыбарчы год, наколькі небяспечна, што такія выпадкі, такія трагедыі будуць выкарыстаныя як раз гэтымі ўльтра-правымі сіламі для павелічэння свайго электарату? Ці заўважаеце вы гэта?

Яраслава Ананка: Так, канешне яны будуць выкарыстаныя, я ў гэтым не сумняваюся. Я толькі спадзяюся, што грамадства, нямецкія выбаршчыкі не паддадуцца гэтым маніпуляцыям. Мы ўсе слухалі, па тэлебачанні выступала канцлер Германіі Ангела Меркель, яна паспрабавала супакоіць грамадзян. Яна казала пра тое, што гэта канешне вельмі цынічны і страшны ўчынак у першую чаргу таму, што ён накіраваны і супраць немцаў, якія дапамагалі мігрантам, і супраць тых мігрантаў, якія збеглі з небяспечнай краіны, хочуць інтэгравацца і жыць у Нямеччыне. Менавіта па прычыне таго, што могуць узрасці правыя настроі, гэта кампраметуе тых, хто прыехаў шукаць бяспекі.

Некалькі гадзін пасля тэракту паліцыя па падазрэнні ў злачынстве затрымала грамадзяніна Пакістана, які ў лютым прыбыў у Нямеччыну разам з уцекачамі. Аднак нямецкае выданне Die Welt, са спасылкай на крыніцы ў службах бяспекі паведаміла, што затрыманы не быў выканаўцам нападу на калядным кірмашы ў Берліне. Як адзначае газета, тэрарыст па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе і мае пры сабе зброю.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя