Беларускі комік пра стэндап па-беларуску за мяжою Беларусі
Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя – комік Павел Радзевіч, менш за год таму вымушана пераехаў у Польшчу. Гутарым з ім пра нацыянальны гумар у эміграцыі, важнасць роднай мовы і лёс стэндапу ў вольнай Беларусі будучыні. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Павел, як даўно вы з’ехалі з Беларусі, і чаму выбралі акурат Беласток?
— З’ехаў з Беларусі ў верасні 2022 года. Сталася так, бо не адчуваў сябе ў бяспецы ў Беларусі, не бачыў ніякай свабоды для творчасці, не меў мажлівасці жартаваць на ўсе тэмы, на якія хацеў жартаваць. Я падумаў, што такія застой і цэнзура пашкодзяць маёй кар’еры, і змеркаваў з’ехаць з краіны. А Беласток выбраў, бо тут працу прапанавалі. Спачатку я планаваў у Варшаву, шмат маіх знаёмых ехалі таксама ў Варшаву, але ў іх была дыстанцыйная праца, яны маглі сабе дазволіць працаваць адтуль, а мне прапанавалі працаваць на месцы, таму паехаў сюды.
РР: Прыгадайма, што там увогуле са стэндапам у Беларусі, калі вы з’язджалі, і цяпер, мажліва, сочыце за калегамі. На якія тэмы ўвогуле цяпер можна жартаваць у Беларусі?
— Першае, я не ведаю ўсёй карціны, бо ўсё ж такі ў іншай краіне, хіба што праз гісторыі калегаў магу глядзець, што там адбываецца. Другое, што там можа быць у Беларусі з хоць якой творчасцю. Я бачу, што імпрэзы ладзяць, хлопцы выступаюць. Пра што яны жартуюць, я не бачу, бо нідзе не публікуюць. Але пакуль выступаюць, значыць, яшчэ ёсць такая мажлівасць.
РР: Якія мажлівасці вы маеце для развіцця, для вашай кар’еры ў Польшчы? Што вы робіце ў плане творчасці ў Польшчы?
— Мы маем творчае аб’яднанне „Пан Стэндап“ з беларускімі комікамі, што цяпер жывуць у Варшаве. І таксама ў Беластоку жыве адзін з комікаў. Ладзім імпрэзы ў Варшаве, у іншых буйных местах Польшчы: Вроцлаў, Кракаў, Гданьск, Познань і іншыя. У Варшаве рэгулярна, штотыдзень, ладзім некалькі імпрэзаў. Ёсць Ютуб-канал, што так і называецца „Пан Стэндап“, куды здымаецца кантэнт — як менавіта стэндапы па-беларуску, так і іншыя камедыйныя праекты. Цяпер стартаваў праект „Пазакласнае чытанне“, дзе комікі абмяркоўваюць кнігі па-беларуску, як класікаў, так і сучасную літаратуру. І абмяркоўваюць у гумарыстычнай манеры. Ідуць па сюжэту і накідваюць жарты на тэму кніжкі. Гэта як адзін з кірункаў нашай творчай дзейнасці.
Як кажа Павел Радзевіч, для захавання сучаснай беларускай культуры цяпер вельмі важна слухаць і чытаць сваё – хадзіць на выступы беларускіх гуртоў і комікаў, чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў, хадзіць на выставы беларускіх мастакоў, і такім чынам падтрымліваць іх.
Беларускае Радыё Рацыя