Беларускі МЗС сочыць за лёсам Кірыла Сілівончыка



МЗС адказаў Партыі БНФ на зварот па справе асуджанага ў Расеі беларуса Кірылы Сілівончыка.

Партыя БНФ звярталася ў МЗС з заклікам запатрабаваць ад расейскага боку вычарпальныя тлумачэнні па справе грамадзяніна Беларусі Кірыла Сілівончыка і ўжыць усе магчымыя захады для вяртання нашага суайчыньніка на Радзіму і яго найхутчэйшага вызвалення.

У сваім адказе Міністэрства замежных спраў паведамляе, што назірае за развіццём сітуацыі вакол Сілівончыка, перш за ўсё, за выкананнем яго правоў і законных інтарэсаў у адпаведнасці з Канвенцыяй на міждзяржаўным узроўні.

Як сцвярджае МЗС, звесткі, атрыманыя ў кансультацыях з расейскім бокам і адвакатамі Сілівончыка, сведчаць аб адсутнасці неабгрунтаванага абмежавання правоў беларускага грамадзяніна.

Таксама паведамляе, што ў часе камунікацыі прадстаўнікоў МЗС з Сілівончыкам ён не выказваў просьбы аб конскульска-прававой дапамозе і не скардзіўся ні на што. Пажаданне адбываць пакаранне на тэрыторыі Беларусь Сілівончык таксама не выказваў і запэўніў, што яго рашэнне аб нежаданні абскарджваць прысуд было асэнсаваным.

У красавіку 22-гадовага беларускага праграміста Кірылу Сілівончыка, які прыехаў у Ніжні Ноўгарад на заробкі, прысудзілі да двух гадоў калоніі-пасялення.

Яго абвінавацілі паводле артыкула „Публічнае апраўданне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго”. Падставай быў нібы перапост на яго інтэрнэт-старонцы „Вконтакте”. Паведамленні пра змест і характар гэтых перадрукаў з’яўляюцца супярэчлівымі. Вядома, што Сілівончык публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі у падтрымку Украіны і з асуджэннем расійскай агрэсіі. У прыватнасці, як адзначае пракуратура, ён заклікаў „вярнуць Крым Украіне”.

1

2