Беларускія студэнты пераймаюць досвед балонскага працэсу



Сустрэчы з польскімі ўладамі, знаёмства з мясцовай культурай, а таксама азнаямленне з досведам студэнцкага самакіравання. «Акадэмія студэнцкага лідарства» сумесна з Беларускім Домам у Варшаве прывезлі беларускую моладзь у польскую сталіцу.

2016-04-08_zavalnia_studenty_varsava_fota2

Сярод мэтаў візіту – пазнаёміць студэнтаў з балонскай сыстэмай, да якой далучаецца Беларусь.  Гаворыць Саша Кузьміч, мэнэджэрка праграмы «Акадэмія студэнцкага лідарства»:

— Сэнс візіту ў тым, каб даць людзям разуменне еўрапейскай мадэлі вышэйшай адукацыі. То бок Беларусь у Балонскі працэс уступіла, але Балонскі працэс у Беларусь не ўступіў і як гэта рабіць не вельмі зразумела нават выкладчыкам і чыноўнікам  міністэрства. Тым больш студэнтам, якім ніхто пра гэта не кажа. І мэта такіх візітаў: даць комплекснае разуменне таго, як функцыянуе сістэма адукацыі еўрапейскай мадэлі.  

Праграма візіту была насычанай, — зазначае галоўны трэнер адукацыйнай праграмы Яўген Міхасюк:

Я нават не ведаю, ці быў у нас вольны час. Мы пазнаёміліся са студэнцкім самакіраваннем Польшчы, наведалі ўніверсітэты, былі ў міністэрстве адукацыі, у польскім Сейме і сустракаліся з рознымі экспертамі, а таксама студэнтамі, якія змяняюць свой універсітэт да лепшага, а нашы студэнты слухалі і пераймалі такі досвед.

Таксама ў рамках праграмы студэнты наведалі месцы ў Варшаве, звязаныя з беларускай гісторыяй.

2016-04-08_zavalnia_studenty_varsava_fota1

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава