Беларусы Беластока правялі роварную акцыю салідарнасці

26 чэрвеня беларусы Беластока правялі роварны прабег y падтрымку палітычных вязняў рэжыму Лукашэнкі і людзей, якія выступаюць за перамены ў Беларусі. Беларусы праехалі на роварах з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі па вуліцах горада. Траса прабегу склала 15 км.

У нашым эфіры пабываў прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі.
РР: Цяжка было?
– Цяжка людзям, якія зараз знаходзяцца ў турмах Беларусі. Нам тут за мяжой не цяжка сабрацца і паказаць, што мы салідарныя з усімі палітычнымі вязнямі, якія знаходзяцца ў турмах. Таксама хочам паказаць, што пратэст не знік. Пратэст перанёсся за мяжу, тут вельмі шмат беларусаў, якія актыўна выходзілі на дэманстрацыі ў 2020 годзе і таксама хочуць актыўна прымаць удзел у розных акцыях. Гэты велапрабег першы ў гэтым годзе, падобны велапрабег мы ладзілі год таму. Мы вырашылі правесці такі велапрабег у гэтым годзе. Па-першае, гэта вельмі добра, бо мы займаемся спортам, мы сёння праехалі каля 15-ці кіламетраў па цэнтры горада. Жыхары горада вельмі ветліва нас віталі, было шмат сігналаў з машын. Нават было так, што калі мы ехалі праз цэнтр горада, стаяла дзяўчына з бел-чырвона-белым сцягам, якая нас вітала. Таму вельмі файна.

РР: Акрамя бел-чырвона-белых сцягоў былі ўкраінскія.
– Прымалі ўдзел таксама ўкраінцы ў нашай акцыі. Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з украінскай дыяспарай. Калі мы праводзім свае акцыі, то заўсёды запрашаем таксама ўкраінскую дыяспару далучыцца. Таксама беларуская дыяспара Беластока заўсёды далучаецца да акцыі, якія арганізоўвае ўкраінская дыяспара. Мэта ў нас адна – перамога Украіны ў вайне. Калі пераможа Украіна, то пераможа і Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Беларуская дыяспара Беластока
