Бізнес-саюз прагназуе рэзкі рост цэн на гарбату і каву



З-за павелічэння кошту кантрольных знакаў можа адбыцца рэзкі рост рознічных цэн на гарбату і каву, а таксама пагаршэнне эканамічнага становішча пастаўшчыкоў гэтых прадуктаў. Такі прагноз робяць у Бізнес-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага (БСПН).

Як паведамілі ў прэс-службе арганізацыі, да такіх наступстваў можа прывесці пастанова Мінфіна ад 2 мая 2016 года № 30 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 2014 г. № 3». У адпаведнасці з дакументам кошт кантрольных знакаў на гарбату і каву павысіўся ў 6-7 разоў, што найбольш прыкметна адаб’ецца на рознічных цэнах недарагіх гатункаў. Напрыклад па адным з папулярных гатункаў гарбаты сярэдні рост сабекошту для пакетаванага прадукту складзе 16%, ліставога — 21%, для молатай кавы — 10%.

«У такой сітуацыі нельга не ўлічваць сацыяльна-палітычных выдаткаў росту цэнаў на спажывецкія тавары штодзённага попыту ва ўмовах зніжэння грашовых даходаў насельніцтва. Разлікі паказваюць, што і пры кошце кантрольнага знака 500 рублёў доля прамых плацяжоў у бюджэт у адпускной цане гарбаты складала 7,5% (у тым ліку мытная пошліна — 5,7%). Цяпер пры кошце кантрольнага знака ў 2.900 рублёў яна складзе 16%, а з улікам ПДК — прыкладна 30%. Такім чынам, прамыя плацяжы ў бюджэт складуць траціну кошту пачкі гарбаты», — адзначаюць у БСПН.

На думку бізнес-саюза, рэзка пагоршыцца і фінансава-эканамічнае становішча імпарцёраў гарбаты і кавы, бо павялічацца выдаткі арганізацый на закупку кантрольных знакаў. Напрыклад у ТАА „Энергія” (буйны аптовы прадавец гарбаты) такія выдаткі сёлета, паводле папярэдніх ацэнак, павялічацца да 3,5-4 млрд. рублёў супраць 600 млн. у 2015 годзе. У структуры сабекошту затраты на набыццё і налепку кантрольных марак з улікам прыцягнення крэдытных рэсурсаў вырастуць з 2 да 10-12%, што „пойдзе насуперак з ўстаноўкамі прэзідэнта на скарачэнне выдаткаў”.

„Паколькі ў большасці суб’ектаў гаспадарання адсутнічаюць свабодныя фінансавыя рэсурсы, паспешлівае ўвядзенне ў дзеянне пастановы Мінфіна № 30 здольнае зрынуць у шокавы стан многія кампаніі, якія займаюцца дыстрыбуцыяй, аж да прыпынення іх дзейнасці”, — адзначае БСПН.

Бізнес-саюз прапануе ўраду прыпыніць дзеянне пастановы Мінфіна № 30 і дадаткова прааналізаваць абгрунтаванасць прыняцця гэтага нарматыўнага прававога акта.

БСПН таксама прапануе ўраду падумаць пра адмену маркіроўкі тавараў кантрольнымі знакамі ў цэлым. Прайшло пяць гадоў ад прыняцця ўказа ад 10 чэрвеня 2011 года № 243 „Аб маркіроўцы тавараў кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі”. За гэты час Беларусь стала членам Еўразійскага эканамічнага саюза, рыхтуецца ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. У БСПН лічаць, што сістэма маркіроўкі кантрольнымі знакамі не толькі супярэчыць прынцыпам свабоднага абарачэння тавараў, прынятым ва ўказаных міжнародных арганізацыях, але і павялічвае неабгрунтаваныя выдаткі камерцыйных арганізацый. Гэта прыводзіць да падаражання тавараў для насельніцтва.

Ліст з адпаведнымі аргументамі і разлікамі БСПН накіраваў у Савет міністраў.

БелаПАН