Большасць рэгіёнаў Гомельшчыны не могуць сябе забяспечыць



Па выніках 2015 года толькі пяць раёнаў Гомельскай вобласці маюць каля 60% уласных сродкаў у мясцовым бюджэце. Астатнія 16 раёнаў і горад Гомель датуюцца з рэспубліканскага бюджэту. Гэта прытым, што на Гомельшчыне налічваецца больш за трыста буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Кіраўнік экспертнай групы „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч заўважае, што крызісныя праявы ў гаспадарцы вобласці абумоўленыя спецыфікай беларускай эканамічнай мадэлі:

– У нас ёсць нафтаперапрацоўчыя заводы, буйныя металургічныя камбінаты, але сістэма збудаваная такім чынам, што прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт, не выплачваюць тут ПДВ, ён выплачваецца па месцы пастаўкі тавара. Прадпрыемствы Гомельшчыны, якія працуюць на экспарт, скарачаюць падатковую базу ў наш бюджэт.

Аляксей Харкевіч адзначае, што на Гомельшчыне маюцца і рэгіёны, якія сапраўды не могуць сябе забяспечыць:

– Гэта ў першую чаргу рэгіёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС: Брагін, Хойнікі, Лельчыцы, Ельск, Чачэрск, Ветка, Добруш, Буда-Кашалёва.

У Гомельскай вобласці маюцца такія валаўтваральныя прадпрыемствы, як „Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод”, „Жлобінскі мясакамбінат”, „Гомельскі хімічны завод”, „Спартак”, „Гомельшкло” і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота region.ej.by