БПЦ прэзентавала афіцыйны пераклад Новага Запавету
Выданне Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) афіцыйнага перакладу Новага Запавету на сучасную беларускую мову можна расцэньваць як „нацыянальнае, дзяржаўнае і царкоўнае свята”, заявіў журналістам мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Урачыстая прэзентацыя афіцыйнага выдання Новага Запавету, перакладзенага на беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгінала, прайшла 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы. Пераклад падрыхтавалі багасловы і філолагі выдавецкага савета БПЦ, рэлігійнага брацтва „Біблейскае таварыства” і кампаніі „Медыял”.
„Евангелле — гэта кніга жыцця, якая вучыць людзей пераадольваць праблемы, цяжкасці, правільна ставіцца да навакольнага свету, людзей, рабіць усё магчымае, каб здабываць мілату Святога духу. Святое пісанне адкрывае нам акно ў боскае адкрыццё. І цяпер людзі могуць чытаць яго на сваёй роднай мове, гэта надзвычай важна”, — сказаў журналістам прадстаяцель БПЦ.
На прэзентацыі выдання мітрапаліт Павел адзначыў, што пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову заняў 25 гадоў. Аднак ён падкрэсліў, што выдавецкі савет БПЦ „не завяршае сваю працу”.
„Я думаю, ён працягне працаваць над удасканаленнем выдання гэтага Святога пісання, — заявіў праваслаўны іерарх. — Шмат [беларускамоўных аўтарскіх версій Святога пісання] было выдадзена, выдавалася неаднаразова, але ўсюды былі недахопы. А гэтае выданне, можна сказаць, на сёння эталон, узор, які будзе служыць многім людзям, якія будуць імкнуцца спазнаць слова Божае”.
Выхад гэтага выдання „замацоўвае беларускія традыцыі ў асэнсаванні Новага Запавету праваслаўнай веры”, сказаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Ён выказаў надзею, што гэта падзея стане „падмуркам для новых крокаў у бок яднання царквы і грамадства, росту ўплыву царквы на фарміраванне і развіццё суверэннай і незалежнай Беларусі”.
Член пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім адзначыла, што выхад афіцыйнага для БПЦ беларускамоўнага Новага Запавету „з’яўляецца працягам закладзенай 500 гадоў таму скарынаўскай традыцыі па распаўсюджванні ведаў на роднай мове”. „Гэта — наш здабытак і вялікі падарунак усім вернікам, а таксама неацэнны ўклад у развіццё сучаснай беларускай мовы”, — падкрэсліла дэпутат.
belapan.by