Брытанская алімпійская асацыяцыя і алімпійская зборная Вялікабрытаніі падтрымалі допуск беларускіх і расейскіх атлетаў на Гульні-2024



Выканаўчы дырэктар Брытанскай алімпійскай асацыяцыі заявіў, што БАА і ўся алімпійская зборная Вялікабрытаніі падтрымліваюць прысутнасць беларускіх і ресійскіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статуце.

Энсан дадаў, што канчатковае рашэнне поўнасцю за Міжнародным алімпійскім камітэтам.
„Розніца паміж Токіа і Гульнямі ў Парыжы будзе відавочная. Любы прысутны расейскі або беларускі спартовец будзе выступаць як незалежны, у нейтральным статусе. Расейцам забаранілі ўдзельнічаць у шматлікіх міжнародных турнірах напярэдадні Парыжа, таму не так ужо шмат тых, хто зможа прайсці кваліфікацыю. Нават калі ў Парыжы будзе некалькі незалежных расейскіх спартоўцаў, мы чакаем, што іх будзе да 100 чалавек, а не тых 400, якія былі ў Токіа”, — заявіў Энсан у інтэрв’ю Sky Sports News. Рашэнне аб тым, ці дапускаць спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў любым выглядзе да ўдзелу ў Гульнях у наступным годзе, МАК яшчэ не прыняў.

Ягора Шаранговіча прызналі першай зоркай матча „Калгары” — „Нэшвіл”

Беларускі форвард прызнаны першай зоркай матча рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. У яго актыве два асістэнцкія балы, якія дапамаглі „Калгары” абыграць „Нэшвіл” з лікам 4:2. На лёд Ягор выходзіў у другім звяне, правёў на лёдзе 17 хвілін 55 секунд, набраў 2 (0+2) ачкі, зрабіў 5 кідкоў па брамцы і скончыў паядынак з паказчыкам карыснасці „+1”.

У 12 матчах са старту чэмпіянату НХЛ Шаранговіч набраў 5 (2+3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-3”.

Футбалісты маладзёжнай зборнай Расеі правядуць два спарынгі ў Беларусі

Футбалісты маладзёжнай зборнай Расеі (U-21) правядуць два таварыскія матчы ў Беларусі. У першым з іх 15 лістапада расіяне згуляюць у Гомелі з беларускай маладзёжнай зборнай. Для беларусаў гэты спарынг стане апошняй праверкай перад чарговым паядынкам адборавага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы з камандай Харватыі.

Другую сустрэчу расійская „маладзёжка” правядзе 19 лістапада ў Мінску супраць лідараў чэмпіянату Беларусі футбалістаў сталічнага „Дынама”. У камандзе гасцей згуляе паўабаронца Данііл Зорын, які ў гэтым сезоне паспяхова выступае ў складзе менскіх дынамаўцаў.

Левандоўскі не забівае за «Барселону» ўжо 6 матчаў запар – гэта горшая серыя нападніка з лютага 2011 года

„Барселона” саступіла данецкаму „Шахцёру” ў матчы 4-га тура Лігі чэмпіёнаў – 0:1. Гэта ўжо 6 афіцыйная гульня каталонцаў запар, у якой польскаму нападніку каманды Роберту Левандоўскі не ўдаецца вызначыцца голам. На дадзены момант гэта найгоршая безгалявая серыя паляка з лютага 2011 года, калі ён не мог забіць за дортмундскую «Барусію» 10 матчаў запар, пачынаючы са снежня 2010-га. На рахунку Роберта 6 галоў і 4 выніковыя перадачы ў 12 матчах. У мінулым годзе, па стане на пачатак лістапада, у яго было 13 галоў за гэтую ж колькасць гульняў.

Берасце прымае адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні

Адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні сярод мужчын і жанчын на кароткай вадзе пройдзе з 8 па 11 лістапада ў Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту. У галоўным турніры краіны па плаванні прымуць удзел каманды абласцей, Менска, а таксама зборная расійскіх плыўцоў. Заяўкі падалі больш за 320 спартоўцаў з Беларусі і Расеі, сярод іх лідары айчыннага плавання – Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Гэта асабістыя спаборніцтвы з камандным залікам, да якіх дапускаюцца плыўцы з узроўнем кваліфікацыі не ніжэй за кандыдата ў майстры спорту.

Беларускае Радыё Рацыя