„Буры” стане афіцыйным героем Польшчы?
75 гадавіну ўзнікнення Нацыянальных узброеных сіл у Польшчы адзначаць на афіцыйным узроўні. У Сейме, без галасавання, прынялі адпаведную пастанову.
Аднак, сярод кіраўнікоў гэтай арганізацыі быў Рамуальд Райс, псеўданім “Буры”. Менавіта яго атрад адказны за забойства 79 жыхароў беларускіх вёсак на Гайнаўшчыне і Бельшчыне.
“Здзіўляе маўклівая згода дэпутатаў Сейма ад Падляшша”, – кажа сябра партыі “Разам” Севярын Пракапюк:
– За прыняццё гэтага рашэння галасавалі ўсе падляшскія апазіцыйныя дэпутаты. Мы хацелі б даведацца, ці не лічаць спадары дэпутаты, што падтрымка гэтага рашэння супярэчыць іх ранейшым дэкларацыям пра асаблівую цікаўнасць да лёсу нацыянальных і рэлігійных меншасцяў Падляшша.
Падляшскія структуры партыі “Разам” скіравалі адкрыты ліст у гэтай справе да дэпутатаў “Грамадзянскай платформы” Роберта Тышкевіча і Томаша Цімашэвіча, а таксама да Кшыштафа Трускаляскага з партыі “Навачэсна”. Як тлумачыць апошні, ён не ведаў зместу прынятай пастановы:
– Гэта пастанова была прынята прэзідыумам Сейма. Я, як дэпутат, нават не мог не пагадзіцца. Маршалак Сейма з прэзідыумам вырашылі, што будзе прынята пастанова. Гэта проста было зачытана і зацверджана, галасавання не было.
Нацыянальныя ўзброеныя сілы – гэта канспірацыйная вайсковая арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942 – 1947 гадах. Яе чальцамі за ўвесь час было каля 75 тысяч чалавек. Пачаткова яны змагалася з немцамі і савецкімі партызанамі, а пазней супраць Чырвонай Арміі і ўзброеных сіл Народнай Польшчы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя