Чаму ўмацоўваецца беларускі рубель?
Cтаршы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавядае пра сёняшнюю сітуацыя на валютным рынку краіны.
Вадзім Іосуб
Беларускі рубель працягвае ўмацоўваца ў адносінах да даляра і еўра. На таргах 9 кастрычніка рубель умацаваўся да кошыка валют на 0,12%. Даляр знізіўся адразу на 136 рублёў да 17.202 беларускіх, еўра патаннеў на 100 рублёў да 19.446 беларускіх. Расейскі рубель вырас на 1,87 да 279,85.
Вадзім Іосуб: Даляр і еўра ў апошнія дні патаннелі, але рубель даражэе. Тое, што адбываецца з далярам, – гэта выключна знешнія прычыны. Любыя канспіралагічныя версіі, што ўлады нешта робяць з курсам падчас выбараў, варта адкінуць. Вельмі моцна курс нашай валюты залежыць ад сусветных коштаў на нафту і ад кошту расейскага рубля. З мінулай пятніцы нафта даражэе. Нафта маркі Brent вырасла з 47 даляраў да 53,5 даляраў за барэль. Калі расце нафта, то падае даляр у Маскве. У апошнія дні ён знізіўся з 66,5 расейскіх рублёў за даляр да 61 рубля. Пры дзейсным рэжыме валютнага кошыка гэта аўтаматычна прыводзіць да таго, што і ў Беларусі даляр таннее. Пры гэтым ніякай заслугі беларускага рубля тут няма. Гэта не апошні ўмацоўваецца, а даляр стаў слабейшы.
РР: Традыцыйнае пытанне абывацеля: што можна спрагназаваць пасля выбараў?
Вадзім Іосуб: Я ўпэўнены, што працягнецца плаўнае зніжэнне беларускага рубля да валютнага кошыка. А вось паводзіны даляра і еўра будуць залежыць ад знешніх фактараў. У першую чаргу, як ужо казаў, ад коштаў на нафту. А доўгатэрміновыя прагнозы тут нават і не зробіш. Для гэтага як мінімум трэба ведаць, як сябе будзе весці далей нафтавы рынак. На мой погляд, самы верагодны сцэнар, што кошты на нафту будуць вагацца прыкладна на тых узроўнях, на якіх яны былі апошнія месяцы – у дыяпазоне 45-55 даляраў за барэль. А калі так будзе, то ніякіх рэзкіх ваганняў і беларускага рубля чакаць не варта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя