Чатыры тысячы жыхароў Берасцейшчыны сталі ахвярамі кляшчоў

На Берасцейшчыне эпідэміёлагі падсумавалі сёлетні сезон актыўнасці кляшчоў, які трываў з сакавіка па кастрычнік. Ахвярамі лясных крывасмокаў стала крыху звыш чатырох тысячаў жыхароў вобласці. Даследвана амаль палова паразітаў знятых з цела. Выявілася, што 43% з’яўляліся носьбітамі вірусаў, у тым ліку небяспечнай інфекцыі – энцэфаліт.
Лекар-лабарант адзначае, што на жаль па аб’ектыўных прычынах не атрымоўваецца даследваць усіх кляшчоў знятых з ахвяраў:
— Пры самастойным выманні кляшча вельмі часта ён пашкоджваецца, увогуле выкідваецца. І ў нас знікае магчымасць даследаваць кляшча на вірус энцэфаліту.
Гэта вельмі важна, таму што ў залежнасці ад таго, ці ёсць клешч носьбітам ці не ёсць, і наша тактыка ў дачыненні да пацыента адрозніваецца.
Дарэчы, сёлета па ўсёй Беларусі актыўнасць кляшчоў была ўдвая большай чым летась, адпаведна павялічылася і колькасць іх ахвяраў, у тым ліку заражэння на энцэфаліт і хваробу Лайма. Эпідэміёлагі адзначаюць, што аналагічнай сітуацыі трэба чакаць і ў наступным годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
