«Cześć Brześć!»: выстава плакатаў з нагоды 1000-годдзя Берасця



Генеральнае консульства РП у Берасці, Акадэмія мастацтваў у г. Катавіцэ і ГУК „Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” сардэчна запрашаюць на вернісаж выставы плакатаў „CZEŚĆ BRZEŚĆ!”(0+), падрыхтаванай студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў у Катавіцах спецыяльна з нагоды 1000-годдзя Берасця.

Вернісаж адбудзецца 26 ліпеня 2019 г. у 16:30 у выставачнай зале Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра (вул. Савецкая, 54).

CZEŚĆ BRZEŚĆ!

Ідэя выставы студэнцкага плаката з нагоды 1000-годдзя Берасця нарадзілася год таму, калі па запрашэнні Генеральнага консульства РП у Берасці Акадэмія мастацтваў у Катавіцах прадстаўляла тут архіўную выставу дасягненняў стваральнікаў плаката з Сілезіі. І ўжо праз год, дзякуючы паўторнаму запрашэнню з боку Консульства і гасціннасці праверанага партнёра, якім з’яўляецца Берасцейскі абласны грамадска-культурны цэнтр, удалося арганізаваць для жыхароў горада новую выставу. Выставу, якая ўпісваецца ў святкаванні 1000-годдзя Берасця.

На гэты раз вынікі сваёй творчасці прадставяць маладыя плакатысты – студэнты Акадэміі мастацтваў у Катавіцах. Працы былі створаны ў Майстэрні вобразу, рэкламы і візуальнай ідэнтыфікацыі і ў Майстэрні плаката гэтага вну.

Заўзяты вокрык «Cześć Brześć!», які стаў назвай выставы, быў запазычаны з аднаго з плакатаў. Бо менавіта ён найбольш адлюстроўвае тэмперамент і радасць стварэння маладымі людзьмі сумеснай падзеі.

Студэнцкія плакаты пра Берасце абапіраюцца на шматкультурны характар гэтага горада, які ляжыць на мяжы, і, як піша доктар Марыян Славіцкі ў размешчаным у каталогу выставы тэксце, – «на мяжы, якая аб’ядноўвае». «Плакаты, распрацаваныя студэнтамі Акадэміі мастацтваў, раскрываюць гістарычныя скажонасці, культурнае змешванне, якія стваралі ідэнтычнасць горада на працягу стагоддзяў».

Беларуска-польская мяжа злучае Беларусь і Польшчу, пераплеценыя гісторыяй Палесся, якое сыходзіць далёка ў глыбіню абедзвюх краін, у адну маляўнічую гісторыю. Гэтыя колеры не заўсёды былі светлымі і лёгкімі ва ўспрыманні, але заўсёды было больш рэчаў, якія людзей аб’ядноўвалі, а не дзялілі. Студэнты Акадэміі, вывучаючы гісторыю Берасцейскай зямлі, былі зачараваныя багаццем ландшафту, гістарычных падзей і легенд. Спляценне розных рэлігій, палітыкі, войнаў і звычайнага чалавечага існавання ў мірны час, стварэнне рамёстваў, артэфактаў і архітэктуры паслужыла прычынай тысячагадовага існавання незвычайнага горада.

Хоць, цытуючы фрагмент тэксту філосафа і публіцыста Яцэка Алендра «Духі і камяні», размешчанага ў каталогу выставы, «гісторыя […] ніколі не з’яўляецца матэрыяльнай рэччу, гісторыя – гэта памяць», можна сказаць, што студэнты з Катавіцаў заклалі свой камень у гісторыю Берасця, і дух гэтай падзеі будзе жыць паміж берасцейцамі пастаянна.

Паводле прэс-рэлізу