Дар’я Роскач: Вельмі важна захаваць беларускасць



„Мова Дзеткам” – такі адукацыйны праект рэалізуецца беларусамі Вільні. Гэта бясплатныя курсы беларускай мовы для дзяцей ад 6 год.

„Галоўная мэта – зрабіць так, каб дзеці за межамі Беларусі не забывалі беларускую мову і культуру”, – распавяла „Госця Рацыі” выкладчыца і сузаснавальніца заняткаў Дар’я Роскач.

РР: Распавядзіце, якая ідэя праекта „Мова Дзеткам” і з чаго ён пачынаўся?

– Ідэя праекта „Мова Дзеткам” узнікла ў сувязі з тым, што ўсё больш беларусаў з дзецьмі пераязджае ў замежжа, у тым ліку ў Вільню, дзе мы базуемся. Дзеці гэта такі неабаронены слой насельніцтва. Можна сказаць, што яны не могуць самаадукоўвацца без чыесьці дапамогі і г.д. Ім трэба паказваць важнасць беларускай мовы. Атрымлівалася такое, што ты глядзіш і ты бачыш, што губляецца гэты пласт, што дзеці яны асімілююцца. Плюс, калі гэта расейскамоўныя сем’і, то таксама ёсць такі момант, што беларуская мова выпадае. Канешне хацелася гэта захаваць. Нягледзячы на тое, што ў Вільні ёсць гімназія з беларускай мовай, усё адно туды трапляюць далёка не ўсе дзеці-беларусы. Не ва ўсіх ёсць магчымасць, не ва ўсіх ёсць магчымасць плаціць. Цяпер мы збіраем данаты, але гэта добраахвотна. Мы пачалі шукаць такія магчымасці, як можна займацца беларускай мовай з дзецьмі.

РР: Які фармат заняткаў з дзецьмі ў межах праекта „Мова Дзеткам” ?

– Звычайна гэта заняткі прыкладна 45-ць хвілін, могуць трошкі больш быць у залежнасці ад дзяцей. Мы закладаем гадзіну, таму ёсць такія моманты. Там розная накіраванасць, гэта падобна на ўрокі. Мы разбіраем нейкія правілы, нейкія словы. Але гэта не тыповыя акадэмічныя ўрокі таму, што мы дадаем культуру, нейкія моманты, гісторыю вывучаем і гэтак далей. То бок гэта ўсё накіравана на Беларусь, каб яны ведалі, каб яны памяталі, каб яны даведваліся пра нейкія працэсы. Дзеці розных узростаў, з розных сем’яў і гэта неабавязкова нацыянальна арыентаваныя беларусы, якія ведаюць пра святы і розныя сімвалы. То бок дзяцей ты гэтаму вучыш, паказваеш людзей бо таксама дзеці не тое што Янку Купалу ад Якуба Коласа не могуць адрозніць, некаторыя іх могуць і не ведаць. Бо калі яны з’ехалі, то яшчэ не сутыкаліся з гэтымі пісьменнікамі ў школе, таму ты ім паказваеш гэтую культуру. Звычайна гэта нейкія гульнявыя фарматы, могуць быць нейкія настолкі, могуць быць прэзентацыі, нейкія праекты. Зноў жа ў залежнасці ад узросту таму, што ў нас дзве групы, гэта дзеці 5-8 год і група старэйшых, там недзе з 8-13 год. Калі хтосьці хоча старэйшы з дзяцей, то ў нас быў хлопец, яму было 16 год. Ён з задавальненнем таксама гэта ўсё рабіў.

РР: Ці ёсць можа быць канкрэтныя тэмы, па якіх вы сустракаецеся з дзецьмі?

Мы запрашалі гасцей некалькі разоў, але хочацца часцей, буду намагацца часцей. У нас былі нацыянальныя песні, нацыянальныя інструменты былі госці. Мне падаецца, што хтосьці яшчэ, я зараз не ўзгадаю, бо гэта было яшчэ летась. Сёлета мы з-за маёй загружанасці трошкі скарацілі колькасць заняткаў, але таксама ёсць у мяне ідэі, планы. Падумаю, як гэта зрабіць, каб было цікава дзецям.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Далучыца да праекта „Мова Дзеткам” можна звязаўшыся з Дар’яй Роскач праз сацсеткі.

Беларускае Радыё Рацыя