Штодзённыя пікеты ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга



Зміцер Дашкевіч працягвае шэраг штодзённых пікетаў у падтрымку бел-чырвона-белага сцяга.

Палітык распачаў збор подпісаў за прызнанне нацыянальнага сцяга нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Сваю акцыю Дашкевіч праводзіць у пераходзе ля выхаду са станцыі метро «Кастрычніцкая».

1dashkevich-7qyu4

«Мы прыйшлі збіраць подпісы, бо хочам каб нацыянальны сцяг быў афіцыйна прызнаным,» — гаворыць палітык Зміцер Дашкевіч:

— Бо гэта ганьба калі шматсотгадовы беларускі нацыянальны сімвал да сённяшняга дня ў нашай дзяржаве лічыцца незарэгістраванай сімволікай, як яны любяць пісаць у пратаколах. Гэта ганьба, што сцяг, які 4 гады у найноўшай гісторыі у нас быў дзяржаўным, лічыцца нейкім «незарэгістраваным» і невядома чым.

«Перш за ўсё бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца сімвалам сапраўднай незалежнасці,» — дадаў Зміцер Дашкевіч. Збор подпісаў трываў каля 2 гадзін.

Цягам акцыі было сабрана амаль 200 подпісаў. Штодзённы збор подпісаў, апроч нядзельнага дня, Дашкевіч плануе весці да сярэдзіны кастрычніка.

У акцыі прынялі ўдзел палітыкі Павал Севярынец, Мікола Аўтуховіч і іншыя. Пікет прайшоў без затрыманняў.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: „Наша Ніва”