Добраахвотнік „Зубр”: Без адукацыі і грошай нічога для Беларусі не зробіш
Людзей на вайне ў Данбасе ваюе ўсё менш, але канфлікт не заціхае. Днём жыхары прыфронтавых тэрыторый вядуць дзяцей у школы, а ўначы на зямлю падаюць снарады.
Пра гэта ў каментары для нашага радыё распавёў беларускі дабраахвотнік “Зубр”. Сам ён прынамсі часова збіраецца сысці з фронта, атрымаць адукацыю і набрацца цывільнага досведу – толькі так можна дапамагчы Беларусі, каментуе сваё рашэнне “Зубр”. Адначасова, ваяр распавёў, што ў канфлікце на Усходзе Украіны ўдзельнічае ўсё больш прафесіяналаў:
За паўтара года я паглядзеў, што ініцыятыва ўпала з двух бакоў. З абодвух бакоў не хапае людзей, і тут ужо не ідзе гаворка пра тое, што бегаюць дрэнна ўзброеныя войскі, адзін аўтамат на двох і гэтак далей. Цяпер хапае ўсяго, цяпер гэта вайна прафесіяналаў. Калі ты добры артылерыст, ці добры ў аэравыведцы, ці яшчэ нешта, ты можаш добра ваяваць. Непадрыхтаваных байцоў стала значна менш. Людзей на фронце стала менш, думаю, амаль у два разы. Але вайна ідзе – там ваююць прафесіяналы.
РР: Канфлікт увесь час працягваецца, замірэння не існуе?
“Зубр”: Можна паглядзець, што адбываецца на фронце. Можна прыехаць у Мар’інку, пасёлак, дзе я апошнім часам быў. Днём працуюць рынкі, дзеці ходзяць у школы, у дзіцячыя садочкі, ноччу лётае артылерыя 122 мм, падаюць снарады. Наша месца дыслакацыі было трошкі далей ад фронту, ад бліжэйшых “сепараў” парадка 2-3 км, але за намі падалі снарады, якія могуць патрапіць у любое месца.
РР: У Вас няма магчымасці вярнуцца на Радзіму. А што дала Вам украінская дзяржава? Ці выканана абяцанне, што грамадзяне іншых краінаў могуць пайсці ва ўкраінскае войска, мець заробак, легальны статус і г.д.?
“Зубр”: Так. Цяпер ёсць магчымасць падпісаць кантракт, рабіць вайсковую кар’еру, а пасля трох гадоў, як ты праслужыш у войску, ты зможаш атрымаць грамадзянства. Але гэта для кожнага чалавека асабісты выбар. Мне больш цікава іншае. Пакуль няма нейкай актыўнай фазы баявых дзеянняў, лепш паехаць у Еўропу, атрымліваць адукацыю, ці паехаць у нейкае іншае баявое падраздзяленне, накшталт французскага Замежнага Легіёна, ці яшчэ некуды.
Там [ва Украіне – РР] заробкі даволі нізкія, хоць у Беларусі крызіс. Але ёсць краіны, якія ў дастатку жывуць, і можна паехаць і рабіць сваю будучыню, неяк рыхтавацца да пераменаў, якія будуць у Беларусі. Таму што без адукацыі, без грошай, без бізнесу і нейкага досведу ў жыцці ты не зможаш нічога добрага зрабіць для сваёй краіны.
РР: То бок даступнасць ёсць, даступнасць прафесійнага ўкраінскага войска для дабраахвотнікаў?
“Зубр”: Не толькі даступнасць, але сам Урад кажа: “рабіце ўсё, каб іх легалізаваць, каб усе пайшлі ва Узброеныя Сілы Украіны”. Таму што яны ўжо падрыхтаваныя, яны баявыя, з імі ўсё зразумела. Ім трэба атрымаць статус, заробак, каб яны былі больш падкантрольныя.
РР: Вы сказалі, што цяпер будзеце сябе шукаць напрыклад у францускім Замежным Легіёне, вайсковай адукацыі, кар’еры?
“Зубр”: Не, неабавязкова. Пагляджу, дзе будзе больш цікава, куды мяне запросяць. Магчыма, што і на нейкую гуманітарную спецыяльнасць, працягну навучанне. Я ў БДУ вучыўся на гісторыка. Магчыма буду вучыцца ў Польшчы на педагога ці філосафа, калі атрымаецца паступіць.
РР: Ці Ваш прыклад азначае, што ўвогуле беларусы сыходзяць з гэтае вайны, што ўжо стаміліся ваяваць?
“Зубр”: Ня буду нічога казаць, але апошнім часам з-за крызісу ў Беларусі, за апошнія паўгады вельмі шмат беларусаў прыехала ва Украіну ўжо ваяваць па кантракце, яны едуць ужо за нейкай вайсковай кар’ерай.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com/zubr.ns