„Дынама” абыграла маскоўскі „Спартак”
Хакейнае менскае „Дынама” дамаглося хатняй перамогі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. „Зубры” на „Мінск-Арэне” прымалі галоўнага канкурэнта за месца ў плэй-оф КХЛ – маскоўскі „Спартак”. Пачатак сустрэчы лепш удаўся гасцям, якія адкрылі лік усяго праз чатыры хвіліны пасля стартавага ўкідвання. Дынамаўцы дамагліся поспеху ў атацы ўжо ў наступным перыядзе: спачатку Седрык Пакет зраўняў лічбы на табло, а незадоўга да другога перапынку Нік Мёрклі вывеў гаспадароў наперад. У заключнай трэці „бела-блакітныя” закінулі суперніка яшчэ раз: за некалькі секунд да сірэны канчатковы лік усталяваў Дзмітрый Корабаў – 3:1 на карысць „Дынама”.
Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Вільні
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру Challenger-100 у Вільні з прызавым фондам 118 тысяч даляраў. У першым раундзе беларус, які займае 414-е месца ў сусветным рэйтынгу, усяго за гадзіну ўпэўнена абыграў у дзвюх партыях нямецкага тэнісіста Яна-Ленарда Штруфа, у якога 154-я пазіцыя, – 6:3, 6:4. У паядынку за трапленне ў чвэрцьфінал супернікам Ягора Герасімава будзе 226-ы нумар сусветнага рэйтынгу прадстаўнік Босніі і Герцагавіны Дамір Джумхур.
Беларускія баскетбалісты не згуляюць на маладзёжных ЧЕ-2023
Зборныя Беларусі і Расеі не змогуць прыняць удзел у маладзёжных чэмпіянатах Еўропы 2023 года. Такое рашэнне прыняў выканкам ФІБА-Еўропа. Тым не менш, маладзёжныя зборныя Расеі і Беларусі захаваюць свае месцы ў адпаведных дывізіёнах ЧЕ. Такім чынам, пасля вяртання на еўрапейскую арэну каманды працягнуць выступы ў тым дывізіёне, дзе знаходзіліся да адхілення ў 2022 годзе.
Беларускія футбалісты саступілі расейцам на турніры ў Менску
Юнацкая зборная Беларусі пацярпела першую паразу на 19-м міжнародным турніры „Кубак развіцця” на прызы асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” і Менгарвыканкама, які праходзіць у сталічным футбольным манежы. У сваім другім паядынку папярэдняй групы А падначаленыя Аляксандра Юрэвіча саступілі камандзе Расеі (U-16) з лікам 0:2. На старце спаборніцтваў беларусы разграмілі ўзбекскіх футбалістаў 3:0.
„Ювентус” абыграў „Салернітану”
Футбалісты „Ювентуса” забілі тры мячы „Салернітане” ў заключнай сустрэчы 21-га тура чэмпіянату Італіі 3:0. У „Старой сіньёры дублем адзначыўся Душан Улахавіч. Яшчэ адзін гол на рахунку Філіпа Косціча. „Б’янканэры” змаглі спыніць трохматчавую серыю без перамог.
„Аль-Хіляль” стаў першым фіналістам клубнага чэмпіянату свету
Клуб з Саудаўскай Аравіі „Аль-Хіляль” выйграў у бразільскага „Фламенга” 3:2 ў паўфінале клубнага чэмпіянату свету і выйшаў у вырашальную стадыю турніру. У пераможцаў дублем з пенальці вызначыўся Салем Аль-Даўсары. Яшчэ адзін гол на рахунку Лусіяна В’ета. У лацінаамерыканцаў два ўзяцці брамы супернікаў аформіў Педра Абрэу. Варта адзначыць, што браільскі клуб з канца першага тайма гуляў у дзесяцёх, пасля выдалення Жэрсана. Супернік саудаўцаў па фінале стане вядомы сёння пасля матчу паміж егіпецкім „Аль-Ахлі” і мадрыдскім „Рэалам”.
Кіраўніцтва „Мілана” вызначылася з патэнцыйнай заменай Піёлі
Сталі вядомыя кандылаты на пасаду галоўнага трэнера „Мілана” ў выпадку адстаўкі цяперашняга галоўнакамандуючага Стэфана Піолі. Аб гэтым паведамляе выданне Milan News. У лік асноўных прэтэндэнтаў на адказную пасаду, па версіі крыніцы патрапілі Антоніа Контэ, які зараз працуе ў „Тотэнхэме”, і Раберта Дэ Дзербі, які ўзначальвае „Брайтан”. Перашкодай у заключэнні дамоў з гэтымі спецыялістамі называецца іх высокі заробак на цяперашніх месцах працы. Контэ арыентыровачна зарабляе на чале „шпор” каля 17 мільёнаў еўра за сезон. Аклад Дэ Дзербі – каля 5 мільёнаў. „Мілан” прайграў чатыры матчы запар і не перамагае з 4 студзеня. Дзеючыя чэмпіёны Італіі займаюць толькі шостае месца пасля 21 тура, набраўшы 38 балаў.
Клубы „Вялікай шасцёркі” чэмпіянату Англіі выступаюць за самае жорсткае пакаранне для „Манчэстэр Сіці”
„Манчэстэр Сіці” не можа разлічваць на паблажлівае стаўленне з боку супернікаў па чэмпіянаце Англіі. Асабліва крыві прагнуць клубы „Вялікай шасцёркі” Паводле інфармацыі Sky Sports News, „Арсенал”, „Чэлсі”, „Тотэнхэм”, „Ліверпуль” і „Манчэстэр Юнайтэд”, лабіруюць для Sky Blue максімальна суровае пакаранне, выгнанне з эліты. Сярод супернікаў „Манчэстэр Сіці” існуе цвёрдае перакананне, што пазбаўленне „гараджан” мінулых тытулаў не мае вялікага значэння. Таксама няма прыхільнікаў накладання штрафу, які лічыцца неэфектыўным пакараннем. „Манчэстэр Сіці” зноў абвінавацілі ў парушэннях правілаў фінансавага фэйр-плэй. У перыяд з 2009 па 2018 год яны нібыта рабілі гэта больш за 100 разоў. Прэм’ер-ліга аб’явіла аб прызначэнні спецыяльнага камітэта для расследавання гэтага пытання. У лік магчымых пакаранняў уваходзяць не толькі зняцце ачкоў, але і паніжэнне ў класе. Судовае разбіральніцтва можа зацягнуцца на гады.
Беларускае Радыё Рацыя