„Дынама” абыграла ў СКА у першым матчы плэй-оф
Хакеісты менскага „Дынама” ў першым матчы 1/8 фіналу Кубка Гагарына нечакана выйгралі ў гасцях у СКА — 6:4. У дынамаўцаў 2 шайбы на рахунку Уладзіміра Алістрава, па адной у Мікіты Пышкайлы, Седрыка Пакета, Рамана Гарбунова і Віталя Пінчука. Перамога сенсацыйная, паколькі армейцы — адны з лідараў КХЛ. У апошнія два сезоны яны спынялі мінскае „Дынама” у першым раўндзе плэй-оф. У пятніцу каманды зноў згуляюць у Санкт-Пецярбургу. Першы матч у Менску запланаваны на 5 сакавіка.
„Дынама-Маладзечна” абыграла „Лакаматыў” у першым матчы раунда плэй-ін
У Оршы стартаваў раунд плэй-ін беларускай хакейнай экстралігі, у якім разыгрываюцца астатнія пуцёўкі ў чвэрцьфінал. Першы матч серыі да дзвюх перамог правялі аршанскі „Лакаматыў”, які заняў 7-е месца ў рэгулярным сезоне, і 10-я каманда чэмпіянату „Дынама-Маладзечна”. Канчатковы лік – 3:1 на карысць маладзечанцаў усталяваў Дзмітрый Амбражэйчык кідком у пустую брамку гаспадароў. Другі паядынак паміж супернікамі пройдзе заўтра ў Маладзечне, у выпадку перамогі „бела-блакітныя” выйдуць у плэй-оф экстралігі. Калі мацней будзе „Лакаматыў”, вырашальны матч адбудзецца 5 сакавіка зноў у Оршы.
Беларускія гандбалісткі саступілі расіянкам на турніры ў Маскве
Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі няўдала стартавалі ў розыгрышы Кубка дружбы – 2023. У першай сустрэчы на пляцоўцы спарткомплексу „Дынама” ў Маскве падначаленыя Аляксандра Сыцько саступілі другой зборнай Расіі з розніцай у тры мячы – 29:32. У наступным матчы беларускі згуляюць з галоўнай расійскай камандай, якая разграміла кітайскі „Фенікс” з лікам 37:20.
Івашка завяршыў выступы на турніры ў Дубаі
Беларускі тэнісіст Ілья Івашка і расіянін Андрэй Рублёў не змаглі выйсці ў паўфінал парнага разраду турніру катэгорыі АТР-500 у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 800 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале Івашка і Рублёў прайгралі на дзвюх тай-брэйках бельгійскаму тандэму Сандэр Жыле / Ёран Фліген – 6:7 (4:7), 6:7 (3:7). Серб Новак Джокавіч перамог Талона Грыкспура з Нідэрландаў у другім раўндзе адзіночнага турніру — 6:2, 6:3. У чвэрцьфінале Джокавіч будзе змагацца з палякам Хубертам Хуркачам, які перамог расіяніна Паўла Котава 7:5, 6:1.
„Арсенал” разграміў „Эвертан”, здабыўшы трэцюю перамогу запар
Лонданскі „Арсенал” разграміў „Эвертан” у выязным матчы 7-га тура чэмпіянату Англіі — 4:0. Дублем адзначыўся Марцінэлі. „Кананіры”, якія лідыруюць у табліцы, здабылі трэцюю перамогу запар. Яшчэ ў адным матчы дзякуючы галам ван Дэйка і Салаха „Ліверпуль” на хатняй арэне перайграў „Вулверхэмптан” — 2:0.
Беларускае Радыё Рацыя