Дзе эстэтыка? Пытаюцца кватэраўласнікі



Жыхары шматкватэрнага дома па вуліцы Набярэжнай у Берасці незадаволеныя тым, як у іх доме пракладаюцца новыя камунікацыі.

“Нам кладуць новую оптавалаконную лінію, – запрашаючы на месца, паведаміла 10 ліпеня журналісту Радыё Рацыя адна з жыхарак. – Але замест таго, каб рабіць гэта ў спецыяльных шахтах, рабочыя проста свідруюць дзіркі у лесвічных пляцоўках, наскрозь праз усе 12 паверхаў”.

Жыхарам, натуральна, не падабаецца знешні выгляд такіх камунікацый, тым больш што самі яны не прасілі нешта мяняць. На момант тэлефоннай размовы жыхары ўжо звярталіся ў ЖЭС і “Белтэлекам”, які з’яўляецца замоўцам работ, але вынікам размоў задаволеныя не былі. 1_lugavaja_nabiareznaja

2_lugavaja_nabiareznaja

Такі падыход да працы людзям не спадабаўся.

 Журналіст накіраваўся на Набярэжную на наступны дзень, з самай раніцы. Ля пад’езда ўжо стаялі дзве купкі людзей. Найбольш актыўныя з жыхароў і другі бок – інжынер “Белтэлекама” з прадстаўнікамі падраднай арганізацыі, прыватнага прадпрыемства “Віп-Сеткі”. Аказалася, што за адзін дзень жыхарам удалося прымусіць “Белтэлекам” іх пачуць – галоўным чынам, з дапамогай пагрозы адправіць ужо складзеную скаргу ў пракуратуру і шырока асвятліць ход работ у СМІ. Дзяржаўнае прадпрыемства спрабавала скінуць з сябе адказнасць за акуратнасць работ (маўляў, гэта не мы, гэта падрадчыкі робяць), але ў рэшце рэшт адправіла на аб’ект сваіх прадстаўнікоў. Тыя засведчылі: сапраўды, атрымалася не надта эстэтычна. У той жа дзень жыхары некаторых паверхаў змаглі бачыць, як трубы з кабелем дэмантуюць, а скразныя дзіркі ў лесвічных пляцоўках замазваюць. Але пытанне, што ж зробяць з новымі камунікацыямі, усё адно вісела ў паветры.

3_lugavaja_nabiareznaja

Тут быў кабель.

 Яно і вырашалася на сустрэчы жыхароў з сувязістамі, раніцай у суботу. Людзі адразу агучылі свае прэтэнзіі і задалі шэраг няёмкіх пытанняў прадстаўніку “Белтэлекама”, у тым ліку не зусім датычных сітуацыі.

На асноўнае пытанне “Чаму кабель не вядзецца праз камунікацыйную шахту?” ён адказаў, што шахты ў доме на 90% загружаныя, у тым ліку і старымі белтэлекамаўскімі дратамі, якія прыбяруць пасля замены іх на аптычнае валакно.

Дэбаты паміж бакамі перапыніліся пасля прапановы прадстаўніка падраднай арганізацыі на адрас жыхароў – паказаць тое месца ў доме, дзе іх не будзе раздражняць труба з кабелем і шчыток. Абедзьве купкі перайшлі з вуліцы ў дом.

4_lugavaja_nabiareznaja

Жыхары паказваюць вузкі калідор між пад’ездамі, дзе кабель іх не раздражняў бы.

У рэшце рэшт, не без спрэчак, але сувязісты і кватэраўласнікі знайшлі кропкі судакранання. Дамовіліся, што кабелі будуць перанесены ў менш заўважнае месца. “Мы проста не хочам, каб наш дом быў ператвораны ў канюшню”, – на ўсякі выпадак яшчэ раз агучваюць сваю пазіцыю жыхары. І ставяць канкрэтную ўмову: “Подпісы пад скаргай у пракуратуру застаюцца ў нас, пакуль вы працуеце. Зробіце, як цяпер, – мы даем ім ход. Зробіце добра – мы іх рвем і выкідаем у сметніцу”.

На тым бакі дамаўляюцца і разыходзяцца.

Журналіста на вуліцу праважае некалькі чалавек, якія тлумачаць, што ім не ўсё роўна, што адбываецца вакол іх. Менавіта таму некалькі год яны змагаліся супраць аптэкі, што без іх дазволу вырасла ў доме. Менавіта таму не дазволілі ўласнікам аптэкі спілаваць у двары частку дрэў дзеля паркоўкі. Менавіта таму, не чакаючы камунальнікаў, самі пасадзілі ля дома і адначасова ля суседскага дзіцячага садка фруктовы сад і зрабілі кветнікі.

Па той жа прычыне яны будуць кантраляваць працу “Белтэлекама” і яго падрадчыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя