Дзе Пуцін можа стварыць казахскую і беларускую „Наваросіі”?
„Жарт” Пуціна пра Казахстан, якога практычна няма, і змрочная рашучасць Лукашэнкі ” бараніць незалежнасць Беларусі хоць са зброяй у руках” намякаюць, што спробы пашырэння Расеі ці яе „палітычнага шэльфа” на самой справе толькі пачынаюцца. І калі ва Украіне яны не завершацца, то „абаронцы расейцаў” могуць дабрацца да многіх куткоў свету.
Патэнцыйнымі перадумовамі для пранікнення „наварасійскасці” ў тую ці іншую суверэнную дзяржаву можна вылучыць дзве відавочныя рэчы: слабасць ці непапулярнасць цэнтральнага ўрада і наяўнасць значнай расейскамоўнай дыяспары, якая ў той ці іншай ступені можа разлічваць на паляпшэнне сваёй сітуацыі ў выпадку расейскай экспансіі. Наяўнасць супольнай сухапутнай мяжы з РФ таксама вельмі пажаданая, бо марскія або паветраныя рубяжы ў сучасных умовах лягчэй абараняць ад пранікнення „заблукаўшых дэсантнікаў”.
На дадзены момант, калі не лічыць Украіну, гэтым умовам найлепш адпавядаюць Казахстан і Беларусь.
Казахстан
На момант распаду Саюза ў Казахстане пражывала 6,2 мільёна расейцаў, якія ў многіх рэгіёнах – асабліва на поўначы краіны складалі большасць. У прыватнасці, у 1990 годзе ва Усходне-Казахстанскай вобласці было 64,9%, Паўночна-Казахстанскай – 64,9%, Карагандзінскай – 61,1%, Алма-Ацінскай – 43,6% жыхароў, якія ідэнтыфікавалі сябе як расейцаў. Праўда, у выніку этнацэнтрычнай пазіцыі кіраўніцтва Казахстана нямала расейцаў пакінулі краіну – тры гады таму іх засталося 3,8 мільёнаў. Толькі за мінулыя тры гады з краіны з’ехала больш за 100 тысяч расейцаў. Пры гэтым яны і цяпер складаюць значную меншасць у паўночных рэгіёнах Казахстана – ў Паўночна-Казахстанскай вобласці – 50%, Кустанайскай вобласці – 42%, Усходне-Казахстанскай вобласці – 39%, Карагандзінскай вобласці – 38%.
Сучасныя расейцы застаюцца ў Казахстане ізаляванай этнічнай групай – казахскую мову ведае трохі больш за 6% расейцаў.
Пры гэтым з казахскай авантурай Пуціну трэба спяшацца. Прарасейскае насельніцтва пакідае Казахстан. У той жа час нараджальнасць і працягласць жыцця расейцаў у Казахстане застаюцца невысокімі. Узровень жа незадаволенасці палітыкай казахскай эліты сярод расейцаў вельмі высокі, і спроба геапалітычных авантур з магчымым змяненнем межаў можа знайсці прыкметную падтрымку.
Беларусь
Этнічная ідэнтычнасць жыхароў Беларусі – справа складаная і заблытаная. Жорстка ідэнтыфікаваць там расейцаў вельмі няпроста. Хаця б таму, што расейцамі называе сябе 8% жыхароў Беларусі, а расейскую мову лічаць роднай 40%. У той жа час 70% лічаць яе „асноўнай мовай для зносін”. Відавочна, палітыка кіраўніка Беларусі Лукашэнкі на выкараненне „нацыяналізму” настолькі выніковая, што з кожным годам колькасць „этнічных расейцаў” у рэспубліцы памяншаецца, а працэнт выключна расейскамоўных жыхароў Беларусі – расце. Але расейцы раўнамерна рассеяны па тэрыторыі краіны, нідзе не складаючы значнай часткі насельніцтва. У прыватнасці, высокі працэнт этнічных расейцаў у Полацку, і складае трохі больш за 15%.
У адрозненні ад расейцаў у Казахстане, расейцы Беларусі значна глыбей інтэграваныя ў грамадства, і пытанне іх лаяльнасці ідэалам „расейскага свету” з’яўляецца вельмі складаным і неадназначным. Цалкам верагодна, што значная частка з іх, у выпадку жорсткіх правакацыйных дзеянняў Крамля ці, тым больш, прамой агрэсіі, выступіць на баку беларускай дзяржаўнасці супраць „вызваліцеляў”, як гэта адбылося са значнай часткай этнічных расейцаў Данбаса.
Затое небяспеку могуць прадстаўляць разгалінаваныя і добра каардынаваныя расейскімі дыпламатамі сеткі прарасейскіх грамадскіх арганізацый, сябры якіх могуць падтрымаць патэнцыйную геапалітычную авантуру незалежна ад сваёй этнічнай прыналежнасці, разлічваючы выключна на прэферэнцыі ў выпадку прыходу „новай улады”. Да гэтага варта дадаць расейскія вайсковыя базы, якія робяць тэарэтычна верагодным паўтор у Беларусі „крымскага сцэнара”. Хоць на дадзены момант на падкантрольнай Лукашэнку тэрыторыі прысутнічаюць галоўным чынам „не сілавыя” элементы вайсковай інфраструктуры. У прыватнасці, гаворка ідзе пра расейскую радыёлакацыйную станцыю ў Ганцавічах, 43 вузел сувязі ВМФ Расеі ў Вілейцы і 61 паветрана-знішчальную авіябазу ВПС Расеі ў Бабруйску. Пры гэтым цяпер абмяркоўваецца магчымасць будаўніцтва яшчэ адной расейскай авіябазы ў Беларусі.
Пакуль абодвум краінам удавалася пазбягаць скрайнасцяў у адносінах з пуцінскай Расеяй, галоўным чынам, пагаджаючыся на дэманстратыўны ўдзел у крамлёўскіх геапалітычных праектах аднаўлення Савецкага Саюза. Затое Казахстан і Беларусь атрымлівалі як гандлёвыя прэферэнцыі, так і непасрэдную крэдытна-фінансавую дапамогу ад Расеі. Аднак у апошні час, на фоне дастаткова жорсткіх эканамічных санкцый, якія выклікалі фактычную стагнацыю расейскай эканомікі, Пуцін вырашыў адмовіцца ад палітыкі эканамічнай стымуляцыі саюзнікаў, і перайшоў да выкарыстання новай тактыкі – тактыкі страху.
І „селігерскі жарт” – гэта толькі адзін этап у рэалізацыі новай палітыкі. Паралельна з ім назіральнікі канстатуюць актывізацыю прарасейскіх арганізацый, а таксама маштабныя дэманстрацыі вайсковай моцы ў выглядзе вучэнняў – нярэдка, праўда, сумесных разам з войскам краіны – патэнцыйнай ахвяры. На якія Лукашэнка пакуль вырашаецца адказваць жартамі пра далучэнне да Беларусі Калінінградскай вобласці. Затое Назарбаеву, які, па версіі Пуціна, „стварыў Казахстан”, не да жартаў. Хаця б таму, што ён не вечны, і момант перадачы ўлады цалкам можа стаць для Расеі чаканай кропкай нестабільнасці.
Цалкам магчыма, што ўсе гіпотэзы пра далейшае пашырэнне „праекта Наваросіі” на тэрыторыі іншых постсавецкіх дзяржаў з’яўляецца чыстай вады паранояй. Аднак новыя метады, уведзеныя Расеяй у практыку найноўшага „еўразійскага” міжнароднага права, даюць для гэтай параноі вельмі пладавітую глебу.