Эксперт: Купля акцый „Беларусбанка” можа быць цікавая інвестарам у двух выпадках
Купля пакета акцый „Беларусбанка” можа быць цікавая замежным інвестарам пры пэўных умовах. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН выказаў дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Волат Капітал” Сяргей Муханаў.
Нагадаем, на гэтым тыдні старшыня праўлення Нацбанка сустракаўся з членам брытанскай каралеўскай сям’і прынцам Кенцкім і абмяркоўваў з ім пытанне прыходу брытанскага капіталу ў банкаўскую сістэму Беларусі.
Згодна з планамі ўладаў Беларусі, ужо ў 2017 годзе створаная па распараджэнні прэм’ер-міністра рабочая група, у склад якой уваходзяць і прадстаўнікі Нацбанка, павінна ўнесці ва ўрад прапановы аб выбары пакупніка мінарытарнага пакета акцый „Беларусбанка”. Гаворка ідзе пра продаж да 25% акцый найбуйнейшага банка краіны.
Купля блакуючага пакета акцый беларускага дзяржбанка можа быць цікавая стратэгічнаму інвестару ў двух выпадках, лічыць Муханаў.
„Першы — існуе выразны, зразумелы механізм набыцця ў далейшым кантрольнага пакета акцый, другі выпадак — з’яўляецца магчымасць за кошт павышэння эфектыўнасці, аптымізацыі бізнес-працэсаў павялічыць капіталізацыю банка і затым прадаць сваю мінарытарную долю даражэй, у тым ліку, магчыма, з дапамогай механізму IPO”, — зазначыў у каментары Муханаў.
На думку эксперта, працай па прыцягненні ў банкаўскі сектар Беларусі замежных інвестыцый займацца неабходна. „Прыцягненне замежнага капіталу ў беларускую банкаўскую сістэму — актуальная задача. Вопыт прыходу замежных інвестараў у банкаўскі сектар Беларусі ў 2000-я гады паказаў, што такія здзелкі практычна заўсёды прыводзілі да росту капіталу нашых банкаў і, адпаведна, пашыраліся іх магчымасці па абслугоўванні (крэдытаванні) эканомікі”, — адзначае Муханаў.
У той жа час ён канстатуе, што ў апошнія гады назіраецца зніжэнне актыўнасці еўрапейскіх банкаў на постсавецкай прасторы. За 2014—2015 гады доля нерэзідэнтаў у сукупным статутным капітале банкаўскай сістэмы Расіі істотна знізілася — з 26,4% да 16,9%.
Акрамя праблем, уласцівых непасрэдна постсавецкаму рэгіёну, многія еўрапейскія банкі цяпер сутыкаюцца з цяжкасцямі і на дамашнім рынку, кажа Муханаў.
„Таму ў бягучай сітуацыі ацэньваем магчымасць прыцягнення буйнога еўрапейскага банкаўскага капіталу ў банкаўскую сістэму Беларусі як малаверагодную, аднак да 2020 года сітуацыя, вядома, можа змяніцца”, — лічыць эксперт.
Нагадаем, беларускія ўлады падпісалі пагадненні з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця аб перадпродажнай падрыхтоўцы „Банка Масква-Менск” і „Белінвестбанка”. Мяркуецца, што стратэгічныя інвестары ў названыя дзяржбанкі будуць прыцягнутыя да 2020 года.