Fitch Ratings пацвердзіў негатыўны прагноз для беларускай эканомікі



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі (рэйтынг дэфолту эмітэнта) у замежнай валюце на ўзроўні B з негатыўным прагнозам, гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

„Рэйтынг Беларусі адлюстроўвае, з аднаго боку, высокі даход на душу насельніцтва, паляпшэнне эканамічнай палітыкі, а таксама добрую гісторыю пагашэння доўгу і, з іншага боку, нізкія валютныя рэзервы, стрыманыя перспектывы росту, высокі ўплыў на дзярждоўг валютных рызыкаў, слабы банкаўскі сектар, высокую знешнюю завінавачанасць і слабыя індыкатары якасці кіравання ў параўнанні з краінамі з супастаўнымі рэйтынгамі”, — тлумачаць аналітыкі агенцтва.

Негатыўны прагноз „улічвае ўразлівасць, што ўзмацнілася з прычыны палітычнага крызісу ў поствыбарчы перыяд, якая абумоўлівае рызыкі для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці”.

„Супрацьстаянне паміж уладай і апазіцыяй пасля леташніх выбараў, вынікі якіх аспрэчваліся, застаецца нявырашаным. Публічныя пратэсты аслаблі на фоне жорсткіх мер у адказ, і палітычная арэна для апазіцыі, якая расколваецца, сціскаецца”, — лічаць аналітыкі Fitch.

Беларускі ўрад умацоўвае адносіны з Расеяй у адказ на міжнароднае асуджэнне выбараў, у тым ліку па меркаваннях фінансавага характару, канстатуе агенцтва.

„Fitch зыходзіць з таго, што ўлады будуць працягваць ажыццяўляць эканамічную палітыку, якая праводзілася да пандэміі і аддавала прыярытэт макраэканамічнай стабільнасці. У той жа час існуе некаторая нявызначанасць у дачыненні да напрамку гэтай палітыкі, прытым што прадпрыемствы ў дзяржуласнасці і рэгуляванне іграюць важную ролю ў рамках мер, якія прымаюцца ў адказ на шокі 2020 года, і з улікам палітычнага націску, які публічна робіцца на цэнтральны банк”, — гаворыцца ў паведамленні рэйтынгавага агенцтва.

У студзені гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Нацбанка адшукаць грошы для фінансавання эканомікі. „Без эканомікі не будзе ніякіх фінансаў. Зразумела, што павінен быць разумны баланс. Зразумела, што паветраных грошай даўно ўжо няма і не будзе. Усе гэта павінны выдатна разумець. Але, тым не менш, трэба адшукваць магчымасць крэдытавання рэальнага сектара эканомікі перш за ўсё”, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаура.

belapan.by