Францішак Вячорка: «Перамога Трампа малаверагодная»
У Злучаных Штатах праходзяць выбары прэзідэнта. Большасць апытанняў яшчэ перад выбарамі прадказвалі перамогу Гілары Клінтан, якая з нязначным адрывам абышла б Дональда Трампа, тым ні менш, дагэтуль застаецца невядомым, хто стане 45-ым прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі.
Пра асаблівасці сёлетніх выбараў, а таксама пра сімпатыі амерыканскіх беларусаў распавёў журналіст Радыё Свабода з Вашынгтона Францішак Вячорка:
— Амерыканскія выбары адрозніваюцца ад выбараў у Еўропе. Яны адрозніваюцца спосабам вылучэння кандыдатаў, хадою выбарчае кампаніі. Выбары насамрэч адбываюцца паміж дзвюма партыямі, якія традыцыйна выходзяць на фінальную прамую з найбольш моцнымі кандыдатамі, якія прайшлі праймерыз. Сёлета выбары адрозніваюцца ад папярэдніх выбараў – два супрацьлеглыя кандыдаты, якія адлюстроўваюць пазіцыі дзвюх частак грамадства, частак, якія між сабою не ўзаемадзейнічаюць, якія адно аднаго недалюбліваюць. Кандыдат Гілары Клінтан, якая прадстаўляе такі класічны, традыцыйны амерыканскі істэблішмэнт, і кандыдат Дональд Трамп, які чалавек новы ў палітыцы, бізнесмен, свядома абазначае сябе ворагам вашынгтонскага істэблішмэнту. Абодва гэтыя кандыдаты старыя па ўзросце, параўноўваючы з ранейшымі выбарамі. У выпадку, калі пераможа Трамп, гэта будзе найстарэйшы прэзідэнт у гісторыі Амерыкі. Тут у Вашынгтоне, вядома, няма такога вось хаосу, што ўсе толькі гэта абмяркоўваюць, людзі ўжо парадкам стаміліся ад засілля інфармацыі на тэму выбараў. Але нягледзячы на гэта з тэлеканалаў, з сайтаў інфармацыйных рэсурсаў усе гавораць толькі пра тое, каго абяруць прэзідэнтам.
РР: Вы кажаце, што гэтыя два асяроддзі ніяк не могуць паяднацца, ніяк не ўзаемадзейнічаюць. А што датычыць беларускае дыяспары, беларусаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі ЗША, на чыім баку іх упадабанні?
Францішак Вячорка: Насамрэч, беларусаў у Амерыцы вельмі шмат, яны таксама вельмі розныя. Тут можна вылучыць старую эміграцыю, якая з’ехала ў Амерыку ў савецкія часы, і моладзь. Многія з іх маюць амерыканскія пашпарты і легальны статус, многія – новыя, і галасаваць не могуць. Мне здавалася раней, што бальшыня беларусаў за Гілары Клінтан і на гэтых выбарах адназначна падтрымлівае дэмакратаў, але потым я атрымаў заданне з Прагі, з «Радыё Свабода» зрабіць апытанне – пагаварыць з рознымі беларусамі ў розных рэгіёнах Амерыкі, каго яны падтрымліваюць. І на маё здзіўленне вельмі многія, у тым ліку тыя, хто працуе ў буйных карпарацыях, у фінансавых кампаніях, з вышэйшымі адукацыямі, падтрымліваюць Дональда Трампа. Таму, вельмі па рознаму. Многія, асабліва тыя, якія звязаныя з фінансамі і бізнесам, бачаць у Трампе чалавека, які будзе падтрымліваць прыватную ініцыятыву, які будзе змяншаць падаткі, яны вераць у простыя рашэнні складаных праблем. Але людзі інтэлігентныя, якія ў тым ліку працуюць у дзяржаўных амерыканскіх установах, асабліва ў Вашынгтоне , беларусы, іх выбар на карысць Гілары Клінтан.
РР: Янка Запруднік, наш славуты зямляк, які ўжо даўно жыве ў Амерыцы, казаў, што выбар Трампа можа быць небяспечным для Беларусі не толькі праз тое, што ён недзе з сімпатыяй гаварыў пра Пуціна, але Трамп таксама казаў, што ён супраць г.зв. палітыкі nation-building, падтрымкі дэмакратыі ва ўсім свеце. Калі Трамп пераможа, ці гэта сапраўды будзе азначаць радыкальную змену ў знешняй палітыцы ЗША. Ці магчыма, што Дзярждэпартамент перастане падтрымліваць беларускую рэдакцыю Радыё Свабода?
Францішак Вячорка: У выпадку, калі пераможа Трамп, міжнародная палітыка ЗША становіцца непрадказальнай. Не таму, што на наступны дзень Трамп памяняе начальнікаў Дзярждэпартамента і абрэжа фінансаванне Радыё Свабода, а таму, што Трамп можа сваімі заявамі нашкодзіць, знішчыць усе тыя дыпламатычныя дамовы, кампрамісы, якія былі зроблены папярэднімі адміністрацыямі, пачынаючы Бушам-малодшым, а пасля і Баракам Абамам. Трамп адназначна чалавек прагматычны, рацыянальны. Ён не будзе ніякім чынам, як мне падаецца, развіваць фінансавую і гуманітарную падтрымку рэгіёнаў, дзе ён не бачыць стратэгічнага інтарэсу для Злучаных Штатаў Амерыкі. Асабліва тыя краіны, у якіх няма рэсурсаў, і якія не граюць вялікай ролі ў знешнім гандлі ЗША, тут я маю на ўвазе Украіну і Беларусь. Магу з 90-адсоткавай верагоднасцю сказаць, што гэта будзе моцны ўдар па падтрымцы палітычнай, падтрымцы фінансавай, вайсковай для Украіны. Што тычыцца Беларусі, то яна апошнія 8 гадоў не была ў цэнтры ўвагі і палітыкі Барака Абамы. Усё пачалося з так званай перазагрузкі адносінаў з Пуціным 2008 года, калі Гілары ездзіла ў Маскву , і пасля гэтага Беларусь не вярнулася ў абойму і практычна ніяк не фігуравала ані ў выступах амерыканскіх палітыкаў, ані ў рашэннях. Інэрцыйна працягваўся акт аб дэмакратыі Беларусі, традыцыйна падпісваўся кожны год Баракам Абамам. Але зноў, калі прыходзіць Трамп, ён як расейскія цары можа рабіць усё насуперак палітыцы папярэдняга прэзідэнта. Ён можа гэтыя акты, заявы, гэтыя стратэгічныя рашэнні лёгка скасаваць.
РР: Але ў адрозненні ад расейскіх цароў амерыканскі прэзідэнт не мае такіх паўнамоцтваў, ёсць падзел уладаў.
Францішак Вячорка: І так, і не. Амерыка – гэта прэзідэнцкая дэмакратыя, і тут безумоўна прэзідэнт не можа абвясціць вайну, але як мы ведаем, усе апошнія войны, дзе ўдзельнічаюць Збройныя Сілы ЗША – яны былі без абвяшчэння вайны. Гэта канфлікты, аператыўнае рэагаванне, куды могуць пасылацца вайсковыя групы без акцэптацыі Кангрэсу ЗША. А ёсць яшчэ выпадкі. Калі Кангрэс на вакацыях, Адміністрацыя прэзідэнта можа прымаць кадравыя рашэнні, можа прымаць вайсковыя і палітычныя рашэнні. Плюс да ўсяго мы не ведаем, як будзе выглядаць Кангрэс неўзабаве пасля абрання новага прэзідэнта ЗША. Будзе абрана Хілары ці Трамп – мы пабачым, які будзе склад Кангрэсу. У выпадку, калі большасць Кангрэсу будзе з той самай партыі, што і прэзідэнт, то гэта развяжа рукі ў тым ліку і для моцных рашэнняў. Але зноў жа, давайце глядзець праўдзе ў вочы, верагоднасць перамогі Трампа на гэтых выбарах вельмі нізкая, нягледзячы на ягоную вельмі высокую папулярнасць, практычна роўную Гілары Клінтан, але ўсё залежыць ад некалькіх штатаў, якія вагаюцца, і паводле апошніх апытанняў Bloomberg Гілары мае дзевяноста, дзевяноста пяць працэнтаў шансаў на гэтых выбарах перамагчы.
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя