Футбалісты „Менска” ў гасцях разграмілі „Гомель”
Футбалісты „Менска” ў гасцях разграмілі „Гомель” — 3:0. Гэта быў матч 15-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. У іншым паядынку БАТЭ на „Барысаў-Арэне” прайграў „Арсеналу” — 1:2. Іншыя матчы тура пройдуць ў бліжэйшыя тры дні, а гульня мінскага „Дынама” і „Энергетыка-БДУ” перанесена.
Данецкі „Шахцёр” будзе праводзіць дамашнія матчы Лігі чэмпіёнаў на стадыёне „Легіі” ў Варшаве
Данецкі „Шахцёр” будзе праводзіць дамашнія матчы Лігі чэмпіёнаў у Польшчы. У сёлетнім розыгрышы турніру „гарнякі” будуць гуляць на дамашняй арэне „Легіі” — стадыёне Войска Польскага ў Варшаве, які змяшчае 30 тысяч чалавек. Сапернікі „Шахцёра” па групе Лігі чэмпіёнаў стануць вядомы пасля лёсавання, якое пройдзе 25 жніўня.
„Барселона” дасягнула дамоўленасці з „Баварыяй” аб пераходзе Левандоўскага
Польскі нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі найбліжэйшым часам падпіша кантракт з „Барселонай”. Усе нюансы трансферу нарэшце ўзгоднены клубамі, паведаміў вядомы інсайдэр Фабрыцыа Рамана. Пагадненне Левандоўскага з „Барселонай” разлічана да 2025 года, а афіцыйная аб’ява аб трансферы чакаецца ўжо ў гэтыя выходныя. „Баварыя” атрымае за пераход каля 50 мільёнаў еўра. Адзначаецца, што Левандоўскі катэгарычна не жадаў весці перамовы з „Чэлсі” ці „ПСЖ”, цвёрда настойваючы толькі на адным варыянце працягу кар’еры – у „Барселоне”. У мінулым сезоне Роберт Левандоўскі прыняў удзел у 46 матчах „Баварыі” ва ўсіх турнірах, забіў 50 галоў (35 у Бундэслізе, 13 у Лізе чэмпіёнаў, два ў Суперкубку Германіі) і аддаў сем выніковых перадач.
Веласіпедыст Васіль Строкаў перамог у трэцім этапе шматдзёнкі „Тур Беларусі”
Васіль Строкаў стаў пераможцам трэцяга этапа міжнароднай шашэйнай велагонкі „Тур Беларусі”. У пятніцу веласіпедысты пераадолелі самую доўгую дыстанцыю гонкі – 202 км ад Камянца да Слоніма. У фінішным створы Васіль Строкаў апынуўся хучэй за Аляксея Шнырко і Дзяніса Марчука, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. У агульным заліку „Тура Беларусі” працягвае лідыраваць Яўген Каралёк, які напярэдадні выйграў індывідуальную гонку, а таксама стаў другім на стартавым этапе шматдзёнкі. Да заканчэння „Тура Беларусі” засталіся два этапы – спаборніцтвы заўтра завершацца ў Навагрудку.
Экіпаж „МАЗ-СПОРТаўта” Аляксея Вішнеўскага сышоў з дыстанцыі ралі „Шаўковы шлях”
Экіпажы беларускай каманды „МАЗ-СПОРТаўта” не трапілі ў тройку лепшых на дзявятым этапе ралі „Шаўковы шлях” у заліку грузавікоў.
Працягласць хуткаснага ўчастка па маршруце Валгаград – Ліпецк склала 314 км. Лепшы вынік на перадапошнім этапе ралі-рэйду паказаў пілот каманды „КАМАЗ-майстар” Дзмітрый Сотнікаў, другім і трэцім таксама сталі гоншчыкі расійскай каманды Сяргей Купрыянаў і Эдуард Мікалаеў. Беларускі экіпаж „МАЗ-СПОРТаўта”, якім кіраваў Сяргей Вязовіч, заняў 7-е месца, саступіўшы пераможцу 1 гадзіну 43 хвіліны. У агульным заліку сярод грузавікоў Вязовіч застаецца на 3-й пазіцыі. Экіпаж Аляксея Вішнеўскага быў вымушаны сысці з дыстанцыі з-за траплення вады ў рухавік падчас праходжання броду. Ралі-рэйд „Шаўковы шлях – 2022” завершыцца сёння, гоншчыкаў чакае этап па маршруце Ліпецк – Масква з хуткасным вучасткам працягласцю 117,6 км.
Беларускае Радыё Рацыя