Гарадзенская выстава майстроў інсталяцыі
«Выходзячы за» – такую назву мае выстава працаў Эміля Зянько і Яўгена Рамашова, што адкрылася ў Гародні. Майстры інсталяцыі зацягнулі чорнай плёнкай памяшканне гарадзенскай “Крыгі” , а на ўваходзе наведвальнікаў чакаў надпіс “За вамі сочаць”.
У дзьвюх залах галерэі – троху больш за дзясятак працаў : вялізная карціна на паўсцяны, інсталяцыія з тэлевізарам, які транслюе выступ вядомага ў савецкі час экстрасэнса Чумака, гэта стылізаваны партрэт Іісуса Хрыста.
Пра канцэпцыю выставы распавядае Эміль Зянько:
– Я імкнуся данесці людзям пасыл, каб яны паглядзелі на сябе па-новаму. Напрыклад, як бы яны выгладалі, калі б былі …жывёламі?
Яўген Рамашоў: Нашая выстава называецца “Выходзячы за”. Мы хацелі паказаць у нашых працах скаванасць нашага народа. Усе знаходзяцца ў рамках, у межах. Людзі перасталі размаўляць адныя з аднымі, больш сядзяць у сацсетках. Ёсць такая абсурдная сітуацыя, што ў сеціве можна памаліцца Богу, паставіць свечку, замаліць грахі.
Уладальніца “Крыгі” Марыя Мацко: Маладыя, таленавітыя мастакі заявілі, што мы мусім адзін аднога бачыць, любіць, адзін з адным размаўляць. Бо Інтэрнэт не вырашае праблемы, а часам нават стварае новыя.
На само адкрыццё вернісажа аўтары не з’явіліся, а прывітанне ім можна было перадаць праз вэб-камеру, ці праз жонак, якім наведвальнікі ўручалі кветкі. Пабачыць працы Эміля Зянько і Яўгена Рамашова можна цягам бліжэйшых некалькіх тыдняў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня