Гатоўка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Варшаве



Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка прабілася ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-250 у Варшаве з прызавым фондам 259 тысяч даляраў.

У першым раўндзе адзіночнага разраду беларуска, якая займае 240-е месца ў сусветным рэйтынгу, за дзве гадзіны перайграла ў трохсэтавым паядынку францужанку Джэсіку Поншэ, у якой 140-я пазіцыя, – 6:4, 3:6, 7:5. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч таксама ў трохсэтавым матчы саступіла чэшцы Караліне Мухавай – 6:4, 6:7 (0:7), 3:6. Гульня доўжылася 2 гадзіны 33 хвіліны.

«Жальгірыс» Кендыша згуляў унічыю з «Галатасараем»

Праходзяць першыя матчы другога раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Літоўскі «Жальгірыс», за які выступае беларус Юрый Кендыш, згуляў унічыю з «Галатасараем» 2:2. Казахстанская «Астана» Макса Эбонга буйна саступіла заграбскаму «Дынама» 0:4. Тым часам БАТЭ правёў трэніроўку перад сённяшнім матчам з «Арысам». Напярэдадні  гульцы БАТЭ прыляцелі ў Лімасол.

22-гадовы форвард Ёванавіч на праглядзе ў «Нёмане»

22-гадовы сербскі нападнік Велька Ёванавіч знаходзіцца на праглядзе ў гарадзенскім «Нёмане». Футбаліст належыць футбольнаму клубу «Рад». У сёлетнім сезоне ва ўсіх турнірах правёў 20 матчаў, забіў 1 мяч. Па дадзеных партала transfermarkt, гулец ацэньваецца ў 100 тысяч eўра.

Фігурант «чорнага спісу» перайшоў у «Арсенал» з Тулы

Беларускі паўабаронца Анатоль Макараў перайшоў у «Арсенал» з Тулы з другога дывізіёна чэмпіяната Расеі. Раней футбаліст выступаў за «Тарпеда-БелАЗ», «Слонім-2017» ды «Смалявічы». У сёлетнім сезоне чэмпіянату Беларусі не выступаў. Макараў з’яўляецца фігурантам «чорнага спісу» «мінспорту». У «Арсенале» паўабаронца будзе выступаць пад 88 нумарам.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” атрымалі 18-ю перамогу ў матчах чэмпіянату Беларусі

Галоўныя фаварыты жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе святкавалі буйныя перамогі ў матчах 19-га тура. Лідары турніру футбалісткі мінскага „Дынама-БДУФК” сваю 18-ю вікторыю запар здабылі на хатняй арэне, разграміўшы „Бабруйчанку” з лікам 16:0. Пяць мячоў у гэтай гульні забіла Анастасія Шупа. У 18 праведзеных сустрэчах падначаленыя Юрыя Малеева набралі 54 ачкі, яны забілі 154 галы і не прапусцілі ніводнага мяча. Асноўны канкурэнт чэмпіёнак краіны ФК „Мінск” таксама на сваім полі абыграў берасцейскае „Дынама” з сухім лікам 6:0.

Месі адзначыўся дублем і асістам у другім матчы за «Інтэр» Маямі

Нападнік «Інтэр» Маямі Ліянэль Месі адзначыўся двума галамі і выніковай перадачай у матчы другога тура Leagues Cup супраць «Атланта Юнайтэд». Матч завяршыўся з лікам 4:0. 36-гадовы аргенцінец адкрыў лік ужо на 8-й хвіліне сустрэчы. На 22-й — падвоіў яго. А на 53-й асіставаў Роберту Тэйлару, які ўсталяваў канчатковы лік.

Бержэрон абвясціў пра завяршэнне кар’еры

Форвард Патрыс Бержэрон завяршыў прафесійную кар’еру хакеіста. 38-гадовы канадзец дэбютаваў у НХЛ у сезоне 2003/04 у складзе «Бостана», за які правёў усю кар’еру. Разам з «Бруінс» у 2011 годзе выйграў Кубак Стэнлі. Усяго ў НХЛ набраў 1040 (427+613) ачкоў у 1294 матчах рэгуляркі. У плэй-оф – 128 (50+78) балаў у 170 сустрэчах. Шэсць разоў заваяваў «Селкі Трофі» як найлепшы нападнік абароннага тыпу. У складзе зборнай Канады выйграў Алімпіяды ў 2010 і 2014 гадах.

Беларускае Радыё Рацыя