Георгій Дмітрук: Ад канферэнцыі пакуль станоўчыя ўражанні



Прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый таксама ўдзельнічалі ў канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая адбывалася ў Вільні 8-9 жніўня 2022 года.

Сустаршыня аргкамітэту па старэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгій Дмітрук падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гэтай канферэнцыі: 

–  З аднаго боку ёсць такі асцярожны аптымізм і такое ўражанне, што пагутарылі, добра пагутарылі. А з іншага боку ёсць такое адчуванне, што не атрымалі адказу на ўсе пытанні, якія ў нас былі і якія былі ў людзей. Напрыклад, што рабіць з дэкамунізацыяй, якая платформа, якія каштоўнасці аб’ядноўваюць удзельнікаў і ўрад, і кабінет. Вось такія пытанні.

Па словах Георгія Дмітрука, кабінет Ціханоўскай і так званы ўрад пакуль з актывістамі БХД на кантакт не выходзілі і праца яшчэ не вялася:

– Сказаў бы ніяк. Гэта такая спроба працу зрабіць з нуля. На мой погляд, тут ёсць і пазітыўны погляд на гэта. З іншага боку я разумею, што трэба ісці наперад і рухацца наперад для іх, каб атрымаць падтрымку і старых апазіцыянераў, і старых партый, якія аддалі шмат гадоў на барацьбу з рэжымам. І мы гатовыя працаваць, мы гатовы супрацоўнічаць з усімі, хто мае такую патрэбу.

Прадстаўнікі аргкамітэту па старэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі актыўна дзейнічаюць у такіх польскіх гарадах як Варшава і Беласток, а адзін са сустаршынь Павел Севярынец знаходзіцца ў Беларусі за кратамі – асуджаны да 7 год узмоцненага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя