Георгій Дзмітрук: Не трэба баяцца крызісаў



Партыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў замежжы ўзнавілася і актывізавалася. І гэта дзякуючы сустаршыні партыі Георгію Дзмітруку і кіраўніку суполкі ў Варшаве Яўгену Дудкіну.

Наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч паразмаўляла з „Госцем Рацыі” Георгіем Дзмітруком:

РР: Партыя БХД узнаўляе сваю дзейнасць. Як вам гэта ўдаецца пасля ўзрушэнняў?

– Па-першае, крызіс не з’яўляецца праблемай, крызіс з’яўляецца добрым стымулятарам. Тое, што ў нас было, напружанасць была, працэс аздараўлення. Ён аказаўся добрым стымулюючым фактарам для нашай працы. Мы разабралі сітуацыю, мы прынялі рашэнне і паехалі самастойна. Не трэба баяцца крызісаў, бо любая палітычная абстаноўка, гэта заўсёды высвятленне адносін і рашэнне склаўшыхся адносін. Рашэнне, якое будзе весці да аздараўлення. Мы гэта перажылі і цяпер абсалютна ўпэўнена рукаемся наперад. Самае страшнае маўчаць, не выносіць на вонкі, у палітыцы гэта непрымальна, бо заўсёды можа абярнуцца нейкай хранічнай хваробай. Мы спрабавалі вырашыць, гэта працягвалася не год, напэўна даўжэй, але мы намагаліся вырашыць гэтую сітуацыю. Мы не хацелі яе пакідаць у такім выглядзе, якой яна была. Таму гэта скончылася для нас палітычнай ампутацыяй. Для нас гэта працэс аздараўлення.

РР: Якія праблемы ўзнікаюць у працы па аднаўленні дзейнасці партыі за мяжой?

– Самая вялікая праблема, гэта ментальная, калі ты думаеш магчыма ці немагчыма. Калі ты прыняў рашэнне, то далей гэта не праблема, гэта проста некаторыя складанасці. Праблемы ў гэтым у нас былі напачатку, мы іх прайшлі, цяпер мы рухаемся наперад. Мы хочам, каб гэты працэс адбываўся не толькі ў нас, але і ў нашых блізкіх арганізацыях. Мы бачым, што гэты застой, які сфармаваўся ў беларускім апазіцыйным асяроддзі, ён прывёў да таго, што палітычная павестка не стала кіравацца палітычнымі партыямі. Не мы сталі аўтарамі палітычнай павесткі і гэта ў нас выклікала сур’ёзную заклапочанасць. Некаторыя НДА і арганізацыі заняліся тым, чым павінны займацца мы, фармаваннем палітычнай павесткі. Гэта няправільна, бо кожны павінен займацца сваёй справай.

РР: За гэты час, калі партыя пашырыла дзейнасць, колькасць сябраў павялічылася?

– Так, канешне. У гэтым увесь цікавы эфект таго, што мы робім. Адбылося тое, што тыя людзі, якія выехалі сюды на пад’ёме пратэснай барацьбы, яны прыехалі сюды і зразумелі, што ў іх няма дастатковай колькасці інфармацыі ці палітычнага досведу і яны з задавальненнем далучаюцца да нас. У нас няма недахопу ў працы з людзьмі, мы не паспяваем працаваць з людзьмі, якія да нас прыходзяць. Іх дастаткова шмат, некаторыя хацелі б сябе рэалізоўваць у палітычным асяроддзі, некаторыя проста атрымаць пэўныя веды. То бок гарызонт працы з беларусамі, якія вымушана апынуліся за мяжой, пашырыўся. Тут вельмі вялікія магчымасці.

РР: Мэты вашай партыі на дадзеным этапе?

Іх дзве. Першая, гэта не кінуць у бядзе тых, хто ўжо быў у нашай партыі. Нашы актывісты, якія апынуліся ў розных краінах, мы іх не хочам кідаць, а хочам з імі супрацоўнічаць, хочам ім дапамагаць. Мы хочам, каб яны вярнуліся да нармальнага палітычнага жыцця, іх нармальнага звычайнага жыцця, адпаведна інтэграваліся. Гэта першая частка, а другая, каб гэтыя людзі, якія ёсць, каб яны працягнулі ўдзел ужо менавіта палітычнымі метадамі ў палітычнай барацьбе. Гэта нашы галоўныя мэты, а мэты якія ўзнікаюць па дарозе, яны ўжо дапаўняюць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя