„Гэта выглядае непрыстойна для чалавека, які заве сябе кіраўніком дзяржавы”
З прадстаўніком Святланы Ціханоўскай Валерыем Кавалеўскім наш карэспандэнт абмеркаваў апошнія палітычныя падзеі, звязаныя з Украінай.
РР: Ужо доўга не было такога бамбавання Кіева, і зноў расейцы пачалі бамбіць. Як бачыцца вам гэтая сітуацыя, што здарылася? Бо таксама меркаванне такое было ў нашым эфіры, што расейцы помсцяць за тое, што далі статус кандыдата Украіне?
Валер Кавалеўскі: Сапраўды так, зараз развіваецца такая ганебная сітуацыя, калі Беларусь, нашу паветраную прастору, выкарыстоўваюць дзеля таго, каб атакаваць Украіну. Робяць гэта расейскія войскі, але тым не менш вельмі важна тое, што падкрэсліваецца адсутнасць магчымасці ў Лукашэнкі прымаць падобныя рашэнні. Ці гэта робіцца з яго поўнай згоды, ці гэта робіцца без яго поўнай згоды ўвогуле – расейцы проста бяруць і выкарыстоўваюць нашу паветраную прастору.
Абодва варыянты вельмі кепскія. Першы – гэта тое, што Лукашэнка асэнсавана ідзе на тое, каб атакаваць украінскі народ з нашай тэрыторыі. Другое – гэта тое, што ён не мае фактычнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі. То бок расейцы пачуваюць сябе гаспадарамі на нашай тэрыторыі, што яны могуць рабіць усё, што толькі заўгодна, у тым ліку і парушэнне Міжнароднага права.
РР: Прыгадаем нядаўнюю сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна. Лукашэнка паляцеў, хоць анансавалася нібы Пуцін павінен прыехаць у Беларусь. Пуцін у Беларусі быў вельмі даўно. Могуць быць нейкія каментары на гэты конт?
Валер Кавалеўскі: Выглядае, што гэта традыцыя, але насамрэч даволі важна, што Лукашэнка раз за разам ездзіць да Пуціна на паклон, а Пуцін тым часам не прыязджае ў Беларусь. І ў нармальных умовах гэта б выглядала ненармальна, але мы разумеем, што і Пуціна ніхто асабліва не чакае ў Беларусі. І Лукашэнка несапраўдны прэзідэнт, таму тут ускладняецца сітуацыя менавіта гэтымі аспектамі.
Хацелі б беларусы бачыць Пуціна, які б прыязджаў да нас раз на месяц? Я сумняюся, што гэта быў бы пажаданы госць. Але тое, што я бачыў з відэазапісаў, як Лукашэнка размаўляе з Пуціным, фактычна ён размаўляе з ім як падначалены, як слуга, як чалавек, які знаходзіцца пад поўным кантролем. Ён просіць, ён спрабуе неяк падлізнуць, спрабуе неяк пераканаць, што я табе лаяльны. Гэта выглядае вельмі непрыстойна для чалавека, які заве сябе кіраўніком дзяржавы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя