Гістарычная вікторыя Польшчы



Тры нядзельныя матчы прынеслі амаль аднолькавы лік, хоць і мелі розны характар. Пра ўсё ў храналагічным парадку. Харвацкая зборная, на мой погляд, пацвердзіла статус ценявога прэтэндэнта на высокае месца, спадабалася цэльнасцю механізма і камандавым духам. Туркі амаль цэлы тайм паспяхова “залівалі бетон” у сваёй штрафной і не давалі супернікам шанцаў. Часам няголеныя і барадатыя янычары дзеілі дастаткова брутальна, следствам чаго стала разбітая галава ключавога абаронца шашачных Ведрана Чарлукі. І ўсё ж пад канец першай паловы клетачныя знайшлі шчыліну ў турэцкай фартэцыі – гэта новаспечаны лаўрэат Лігі чэмпіёнаў рэалавец Лука Модрыч з падбору прабіў хвостка па непрадказальнай траекторыі і без шанцаў для галкіпера. Харваты і далей дыктавалі свае ўмовы і не раз маглі падвоіць лічбы на табло. Аднак мяч фатальна не залятаў у сетку, некалькі разоў трапіўшы ў каркас брамы. У выніку заслужаная перамога балканцаў і рэванш за недарэчна прыкрую паразу на Еўра-2008.

Харватыя-Турцыя-1:0 (Лука Модрыч, 41).

Польшча была абавязана перамагаць Паўночную Ірляндыю. За два ўдзелы ў фінальных стадыях Еўра “бялэ-чэрвоным” так і не ўдалося выйграць аніводнага з 6 праведзеных матчаў. У стартавых шэрагах палякаў адсутнічаў адзін з лідараў сярэдзіны канструкцыі Каміль Грасіцкі, якому добра ведамыя французскія палі. Яго замяніў малады Барташ Капустка, які абедні не сапсаваў і быў блізкі ў першым тайме да поспеху. Найбольш жа выгодную сітуацыю не скарыстаў Аркадзіуш Мілік. Аднак ён рэабілітаваўся неўзабаве пасля перапынку, скарыстаўшыся вывераным пасам Якуба Блашчыкоўскага – 1:0. Палякі маглі неаднаразова падвоіць сваю перавагу, аднак марнавалі добрыя моманты. Лепшы снайпер брытанцаў Кайл Лаферці быў непрыкметным і адзначыўся толькі далёкімі “нажніцамі”. Закрытым апынуўся і супер-бамбардзір Роберт Левандоўскі. У выніку гістарычная вікторыя Польшчы і канец 12-матчавай серыі без паразаў Паўночнай Ірляндыі.

Польшча-Паўночная Ірляндыя-1:0 (Аркадзіуш Мілік, 51).

Германія і Україна падарылі гледачам сапраўдны захапляльны спектакль. Рэй ад пачатку вялі тэўтонцы, але і нашы паўднёвыя суседзі не былі статыстамі, падхапіўшы высокі тэмп гульні. Бліскуча гулялі абодва брамнікі – Мануэль Нойер і Андрэй Пятаў. Шахтараўца, праўда, можна папракнуць за пару няўдалых вылетаў “у паветра”, аднак і працы ў яго было куды болей. У шыхтах бундэсманшафт пасля мундыялю з’явілася пару навічкоў. Адзін з ландскнехтаў – этнічны албанец Шкодран Мустафі – прынёс першую шкоду ўкраінцам – пасля падавання Тоні Кроса – цэнтральны абаронец немцаў галавой закалаціў мяч у сетку. Жоўта-блакітныя не мелі шчасця ў гэты дзень, але ахвярна змагаліся да апошніх секунд, заслужыўшы сімпатыі многіх. Перад самым фінальным свістком чэмпіёнам свету ўдалася ўзорная контратака і выйшаўшы на замену Басцьян Швайнштайгер здзейсніў кантрольны стрэл. Тым, хто не змог паглядзець матч, рэкамендую адшукаць відэазапіс – не пашкадуеце!

Германія-Україна-2:0 (Шкодран Мустафі, 19, Басцьян Швайнштайгер, 92).

Што рыхтуе нам праграма панядзелку? На аператыў дастаткова прывабная афіша. У Тулузе на газон выйдуць дзейсныя чэмпіёны кантыненту іспанцы і зборная Чэхіі. Раней яны сустракаліся дастаткова рэдка, прычым у чатырох паядынках славяне толькі раз дамагліся нічыёй. Памятаем, што “чырвоная фурыя” праваліла апошні мундыяль, але мае рэкордную “сухую” серыю ў фінальнай частцы Еўра – 5 матчаў без прапушчаных галоў. Па падбору гульцоў Іспанія выглядае мацней усіх, але не будзем забывацца, што за плячымі ў іх знясільваючы клубны сезон.

У Сэн-Дэні адкрые праграму група “Е”. Ірляндцы пазмагаюцца з шведамі. Ранейшыя рахункі выразна на карысць скандынаваў, але хто пра гэта памятае. У складах дружынаў бамбардзіры-волаты – Робі Кін у “зялёных”, Златан Ібрагімавіч ў “”трэ крунур”. У гульнях за свае зборныя яны накалацілі 67 і 62 мячы адпаведна – вынік супергросмайстарскі.

Пазней у Ліёне пабачым яшчэ дзве каманды гэтага квартэта – шматнацыянальная Бельгія, якой некаторыя прагназуюць нават золата, спаткаецца з Італіяй. У “скуадры адзуры” як ніколі шэры склад, можна сказаць без зорак, затое з характарам усё ў парадку, а на браме легендарны Джанлуіджы Буфон.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя