Ігар Палынскі: Праца журналіста – гэта місія



Літаральна ўчора журналістку Ірыну Слаўнікаву прысудзілі да 5 год калоніі. За “стварэнне экстрэмісцкага фармавання” і ўдзел у пратэстах. І гэта – не першы выпадак, калі чалавек за свае прафесійныя абавязкі аказваецца за кратамі. Але нягледзячы на гэта, прадстаўнікі чацвёртай улады не здаюцца і працягваюць працаваць.

Пра журналістыку і шлях да яе наша карэспандэнтка паразмаўляла з грамадскім дзеячам, музыкам і ўласна журналістам Ігарам Палынскім.

РР: Назаві, калі ласка, тры прычыны, па якіх табе падабаецца працаваць журналістам.

Ігар Палынскі: Гэта місія ў першую чаргу. Я працаваў ў дзяржаўным медыя некаторы час. Гэтага ўсяго наглядзеўшыся, я даў сабе зарок, што ніколі больш не звяжуся з беларускімі дзяржаўнымі медыямі, прынамсі ў тым варыянце, які існуе зараз. Таму я працую ў медыях, якія адпавядаюць маім каштоўнасцям – гэта беларусацэнтрычнасць,  справядлівасць, праўда. Мне здаецца, стварэнне такіх прадуктаў у беларускай медыяпрасторы асабліва зараз, калі медыя задушваюцца ўсімі спосабамі, калі яны блакуюцца ў Беларусі, чым больш медыя, якія могуць працаваць, тым лепш. А калі гэта яшчэ і добрыя медыя, то гэта цудоўна. І мне здаецца, што я раблю для гэтага нямала. Гэта нумар адзін. Нумар два, я вельмі люблю тэксты. І я з сябе выхаваў рэдактара, думаю, вельмі неблагога. І трэцяе, гэта людзі – беларускія журналісты. Гэта вельмі смелыя, адважныя, шчырыя людзі, якім баліць. Тыя людзі, з якімі мы бачыліся да 2020 года, у 2020 годзе на пратэстах, якія сумленна іх асвятлялі, і людзі, якія працягваюць працаваць зараз – гэта большасцю тыя ж людзі. Яны працягваюць, нягледзячы ні на што аддавацца сваёй працы. І мне вельмі кайфова быць сярод такіх людзей.

Ігар верыць, што аднойчы ён яшчэ вернецца ў свабодную Беларусь і працягне займацца там сапраўднай журналістыкай.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя