Каляндарнае пытанне



«Раскольники!» — адкаментаваў функцыянер з Маскоўскага патрыярхата рашэнне Памеснага сабора Праваслаўнай царквы Украіны перайсці на Новаюліянскі каляндар. Іншы функцыянер з аддзела па сувязях з грамадскасцю заявіў, што ПЦУ наогул не з’яўляецца царквой па сваёй сутнасці, а выконвае палітычную замову варожага калектыўнага Захаду. Мэта замовы – разарваць усе сувязі паміж рускім і ўкраінскім праваслаўем, разбурыць царкоўнае адзінства. Іншымі словамі – спыніць уплыў Масквы на праваслаўную царкву незалежнай Украіны.

Пераходы храмаў з юрысдыкцыі УПЦ Маскоўскага патрыярхата ў ПЦУ зараз называецца «рэйдэрскім захопам». Калі зыходзіць з логікі палітычнага ціску на царкву, то чаму ПЦУ з 1 верасня 2023 года перайшла не на Грыгарыянскі каляндар, а на Новаюліянскі? Бо ўсе святы, акрамя Вялікадня, Тройцы і тых, што ад іх залежаць – рухомыя – цалкам супадаюць з Грыгарыянскім. Адказ просты: ніякага ціску не было і няма. ПЦУ сама вырашыла ўвасобіць гэтую рэформу, што дасць магчымасць перайсці на больш дакладны каляндар і ў будучыні дапаможа пазбегнуць паступовага зрушэння нерухомых свят. Ды і большасць праваслаўных цэркваў у свеце жыве па Новаюліянскім календары.

І ўсё ж трэба адзначыць, інакш гэта будзе несправядліва, што поўнамаштабнае ўварванне РФ паскорыла працэс каляндарнай рэформы, хаця гэтае пытанне абмяркоўвалася і да вайны. І не сакрэт, што многім вернікам будзе цяжка прывыкнуць да новых дат: у сем’ях дзесяцігоддзямі Каляды адзначалі 7 студзеня, а асаблівае свята для ўкраінцаў, Пакроў Прасвятой Багародзіцы, 14 кастрычніка. У гэты дзень таксама адзначаецца Дзень украінскага казацтва і Дзень абаронцаў і абаронніц Украіны. Затое зараз тры святы маюць сваю новую дату – 1 кастрычніка. І па розных календарах з агрэсарам. А традыцыі можна змяніць, гэта ж не царкоўныя догмы.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя