Камітэт ААН па правах чалавека разгледзеў чарговую скаргу па смяротным пакаранні



Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў чарговую справу аб смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь у адносінах да Васіля Юзэпчука.

“Камітэт прызнаў парушаным права на жыццё Васіля Юзэпчука, расстралянага ў 2010 годзе”, – кажа юрыст-праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе справу Васіля Юзэпчука на міжнародным узроўні.

Паводле Рамана Кісляка, справа Васіля Юзэпчука ужо трэцяя, у якой Камітэт вызначыў парушэнне права на жыццё ў сувязі з вынясеннем смяротнага пакарання.

– Камітэт па правах чалавека ААН выявіў, што ў адносінах Васіля Юзепчука выкарыстоўваліся катаванні і прымус да дачы паказанняў супраць сябе. Пад уздзеяннем гвалту, алкаголю і невядомых таблетак Васіль Юзепчук прызнаў сваю віну ў забойствах. Пасля ён адмовіўся ад прызнанняў, але быў падвергнуты паўторнаму прымусу з мэтай адмовы ад дадзенай заявы. Суд, які разглядаў справу, не адпавядаў крэтэрыям незалежнасці і бесстароннасці.

Беларускія суды не могуць асуджаць да смяротнага пакарання без парушэння самых мінімальных патрабаванняў да правядзення справядлівага судовага разбіральніцтва, кажа Раман Кісляк.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя