Касцёл святога Тадэвуша ў Лучаі сярод прыгажэйшых у Беларусі
Сямнаццатае месца з трыццаці займае касцёл святога Тадэвуша ў Лучаі Пастаўскага раёна ў рэйтынгу самых прыгожых касцёлаў Беларусі, паводле сайта vandrouka.by. Зараз касцёл рыхтуецца да свайго юбілею, які адбудзецца ў 2016 годзе. Як кажа ксёндз Мікалай Ліпскі, яны ўжо пачалі аднаўляць агароджу і паставілі дзявятую статую апосталу Філіпу, якую асвяціў біскуп Алег Буткевіч.
– Будзем святкаваць 250-годдзе. Гэта дата вельмі значная для парафіі. Маем яшчэ 2 гады, каб больш напружыцца. Магчыма, хтосьці з неабыякавых да культурнай спадчыны людзей адгукнецца і дапаможа.
Але, па словах старшыні добраахвотнага рэспубліканскага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, зараз ёсць пэўныя праблемы ў парафіі і яго пробашча Мікалая Ліпскага.
– Былі распачаты працы па рамонце агароджы касцёла, бо яго трэба рыхтаваць да юбілею. І працы былі спынены ў звязку з тым, што касцёл не мае навуковага кіраўніка. Я больш за паўтара месяца займаўся гэтай праблемай. Пры прадстаўленні пакета дакументаў буду прызначаны я навуковым кіраўніком на выкананне работ па агароджы. Пакуль толькі агароджа, а далей будзем глядзець.
Касцёл у Лучаі быў пабудаваны Тадэвушам Агінскім і з’яўляецца помнікам архітэктуры з рысамі стыляў барока і класіцызму. Гэтае месца вядомае шматлікім, бо ў касцёле не толькі праходзяць малебны, але і ладзяцца фэсты ў гонар святых з удзелам беларускіх выканаўцаў.
Спадзяёмся, што заклік ксяндза Мікалая Ліпскага дапамагчы касцёлу не застанецца па-за ўвагай добрых людзей.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтракі