Хакеісты „Нёмана” адолелі „Шахцёр” у беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Оршы, Гародні і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідар чэмпіянату „Шахцёр” пацярпеў буйную гасцявую паразу ад гарадзенскага „Нёмана” – 2:5, дублем у складзе гаспадароў вызначыўся Мікіта Рэмезаў. Для гарадзенцаў гэтая перамога стала сёмай у апошніх васьмі матчах, дзякуючы чаму „Нёман” ушчыльную наблізіўся да топ-3. Самы выніковы паядынак дня выдалі „Хімік” і „Дынама-Маладзечна”. У першыя пяць хвілін сустрэчы навапалачане адставалі ў дзве шайбы, але ўжо ў пачатку другога перыяду выправілі становішча і ў выніку дамагліся перамогі 6:3. Дубль за „Хімік” аформіў Арцём Лагуноў. Яшчэ адзін матч чацвярга завяршыўся перамогай „Лакаматыва” над „Брэстам” – 2:1.
Грабарэнка падпісаў кантракт з польскай „Уніяй”
Беларускі абаронца Раман Грабарэнка падпісаў кантракт з польскай „Уніяй”. Пагадненне з 30-гадовым хакеістам разлічана да канца сезона з выпрабавальным тэрмінам у адзін месяц. Грабарэнка таксама падпіша антываенную дэкларацыю — такія патрабаванні „Уніі”, паведамляе прэс-служба клуба. У мінулым сезоне экс-абаронца „Нью-Джэрсі” выступаў за казахстанскі „Арлан”, у якім набраў 11 (3+8) ачкоў у 18 матчах „рэгуляркі” і 7 (1+6) балаў у 13 сустрэчах плэй-оф). „Унія”, за якую выступае яшчэ адзін беларус Раман Дзюкаў, ідзе на другім месцы ў табліцы чэмпіянату Польшчы.
Капленка выкліканы ў зборную Беларусі
Паўабаронца „Арэнбурга” Кірыл Капленка знаходзіцца ў спісе 23 футбалістаў, выкліканых у зборную Беларусі на спарынгі супраць Сірыі і Амана. Раней 23-гадовы хаўбек выяўляў жаданне змяніць спартовае грамадзянства на расійскае. Таксама Капленка правёў чатыры матчы ў складзе маладзёжнай зборнай Расіі да 20 гадоў, дэбют адбыўся 5 верасня 2018 года.
Нацыянальная зборная Беларусі правядзе міжнародныя таварыскія матчы супраць каманд Сірыі і Амана. Абодва паядынкі пройдуць у ААЭ. Матч Сірыя – Беларусь адбудзецца 17 лістапада ў Дубаі, сустрэча Аман – Беларусь пройдзе ў ААЭ 20 лістапада. Нацыянальная зборная Сірыі знаходзіцца на 90-м радку рэйтынгу ФІФА, каманда Амана размяшчаецца на 75-м радку.
Голавы пас Раналду дапамог „МЮ” абыграць „Рэал Сасьедад”
„Манчэстэр Юнайтэд” адолеў „Рэал Сасьедад” у матчы заключнага тура групавога раунда Лігі Еўропы — 1:0. Форвард манкуніянцаў Крышціяну Раналду адзначыўся выніковай перадачай. „Рэал Сасьедад” выйшаў напрамую ў 1/8 фіналу, „МЮ” згуляе ў „стыках”.
Піке аб’явіў пра завяршэнне кар’еры
Абаронца „Барселоны” Херард Піке аб’явіў пра завяршэнне кар’еры.
Апошні матч на „Камп Ноў” ён правядзе 5 лістапада, калі „Барса” сустрэнецца з „Альмерыяй”. 35-гадовы футбаліст апублікаваў развітальнае відэа ва інстаграме. Піке з’яўляецца выхаванцам „Барселоны”, у 2004 годзе ён перайшоў у „Манчэстэр Юнайтэд”, у 2006 годзе абаронца выправіўся ў гадавую арэнду ў „Рэал Сарагосу”, у 2008 годзе вярнуўся ў стан „сіне-гранатавых”. За гэты час разам з „Барселонай” Піке выйграў восем чэмпіянатаў Іспаніі, сем Кубкаў Іспаніі, шэсць Суперкубкаў Іспаніі, тры Лігі чэмпіёнаў, тры Суперкубкі УЕФА і тры клубныя чэмпіянаты свету. У 2010 годзе ён быў прызнаны лепшым абаронцам іспанскай „Прымеры”, у гэты ж год ён стаў чэмпіёнам свету ў складзе зборнай Іспаніі. З нацыянальнай камандай ён таксама выйграваў Еўра-2012.
Беларускае Радыё Рацыя