Уладзімір Хільмановіч: Адказ напісаны з чыноўніцкім цынізмам
Гарадзенскі праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч атрымаў адказ з Гарадзенскага аблвыканкаму. Актывіст звяртаўся ва ўстанову з прапановай надрукаваць так званы пашпарт турыста таксама на беларускай мове. Праваабаронца звяртаўся непасрэдна да начальніка ўпраўлення спорту і турызму Алега Андрэйчыка, але атрымаў адказ за подпісам яго намесніцы Таццяны Лідзяевай.
Уладзімір Хільмановіч:
– Для мяне адказ стаўся крыху нечаканым. Думаў, што забюракратызуюць, напішуць, кшталту, пры мажлівасці разгледзім магчымасць друкавання такога пашпарту. А атрымаў адказ іншага зместу. Тут у мяне толькі дзве версіі. Альбо гэтыя людзі недалёкія, у тым сэнсе, што яны нават не зразумелі, пра што была сутнасць звароту. І адказваюць не па сутнасці, а мне тлумачаць, чаму выдаюць па-расейску, па-ангельску, па-польску. Гэта і так мне зразумела. І не пра гэта быў мой зварот. Альбо гэта своеасаблівы чыноўніцкі цынізм.
Чыноўніца напісала адказ па-расейску, хаця абавязана даваць адказ на мове звароту.
Нагадаем, што ўжо праз некалькі дзён увойдзе ў сілу Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала. Наведнікам гэтага рэгіёна будуць выдаваць адмысловыя пашпарты турыстаў.
Беларускае Радыё Рацыя