Кубак Беларусі. Разгромы



На стадыі 1/16-й футбольнага Кубку Беларусі сустракаюцца клубы розных лігаў і „вагавых катэгорый”, таму ня варта здзіўляцца выніковым матчам.

Гарадзенскі „Нёман” пасля непераканаўчага выезду ў Рэчыцу (0:0), на хатняй арэне разграміў сціплую каманду з Гомельшчыны – 6:0. Гарадзенцы доўга не маглі распячатаць браму гасцей, да ўсяго геройстваваў галкіпер „Рэчыцы”. Аднойчы яму на дапамогу прыйшла папярэчына брамы. Толькі на 36-й хвіліне „Нёман” змог забіць – вызначыўся нядаўні берасцеец Сяргей Кавалюк.

У другім тайме мячы ў браму гасцей пасыпаліся – на 53-й забіў івуарыец Таіна Сора, на 70-й прызнаны кубкавы бамбардзір, які толькі перайшоў у „Нёман”, Арцём Канцавы, потым па разе вызначыліся выйшаўшыя на замену Артур Бомбель і Васіль Журневіч, а завяршыў разгром Павал Савіцкі.

Мікашэвіцкі „Граніт” на сваім полі не пакінуў шанцаў „Ашмянам” – 5:1. У першым паядынку гранітаўцы таксама перамаглі – 3:1 і упэўнена прайшлі ў 1/8-ю фіналу.

Барысаўскі БАТЭ, які ў першым матчы недарэчна прайграў дублем шклоўскаму „Спартаку” – 1:2, дома выставіў не такі эксперыментальны склад і ўпэўнена выйграў – 7:0. Голавым покерам вызначыўся Міхаіл Гардзяйчук, прычым адзін мяч ён забіў з разыгранага пенальці – выпадак надзвычай рэдкі ў сусветным футболе.

Беларускае Радыё Рацыя