Лаўрэатам XVI прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Зміцер Бартосік



Бард і публіцыст Зміцер Бартосік за кнігу „Быў у пана верабейка гаварушчы” ўзнагароджаны XVI прэміяй імя Алеся Адамовіча за лепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 27 лістапада ў Менску.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, прадстаўляючы пераможцу, адзначыў: „Пятнаццаць гадоў таму на вокладцы яго першай кнігі я напісаў, што праехаў з ім 10 тысяч кіламетраў, і мне ні разу не хацелася ўзяць пісталет і застрэліць яго”. Паводле слоў Арлова, новая кніга Бартосіка створаная на мяжы жанраў эсэ, дарожных нататак і эпасу. Пісьменнік паведаміў, што рада беларускага ПЭН-цэнтра аднагалосна назвала Бартосіка лаўрэатам прэміі ў гэтым годзе.

У аснову кнігі „Быў у пана верабейка гаварушчы” леглі выбраныя выпускі перадачы „Падарожжа Свабоды”, якія выходзілі на „Радыё Свабода”. Як кажа аўтар, гэта „самыя драматычныя і страшныя гісторыі цыклу”, якія „змяняюць звыклае ўяўленне пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў XX стагоддзі”.

Як было сказана на цырымоніі, цяперашнюю прэмію Адамовіча фінансава падтрымала Святлана Алексіевіч.

Варта зазначыць, што прэмія Адамовіча стала трэцяй узнагародай, якой адзначаная кніга Бартосіка сёлета. Перш ён атрымаў за яе прэмію Стагановічаў, а таксама прэмію імя Ежы Гедройца.

Прэмію імя Алеся Адамовіча за лепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці, заснаваў ў 1995 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр. У розныя гады лаўрэатамі гэтай прэміі станавіліся вядомыя беларускія літаратары, публіцысты, грамадскія дзеячы — Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута і іншыя.

belapan.by