Леў Львоўскі: Беларусь рухаецца ў бок класічнай незабяспечанай эмісіі
Вядома, што 15-га верасня Нацбанк Беларусі прызнаў, што надрукаваў вялікую колькасць грашовых купюр і „Укінуў” у эканоміку 1.2 мільярды беларускіх рублёў.
Такія інтэрвенцыі ў эканоміку звычайна апісваюць формулай: „Нацбанк уключыў друкавальны станок”. Сітуацыю каментуе эканаміст цэнтра BEROC Леў Львоўскі:
– Пакуль яшчэ гэтыя грошы ўліваюцца яшчэ не надта жахліых па беларускіх гістарычных мерках аб’ёмах, наш бюджэт, які ўжо засакрэчаны, сходзіцца з дэфіцытам. Каб штосьці зрабіць з гэтым, можна або змяншаць расходы, гэта канешне непапулярная мера. Або павышаць даходы, гэта павелічэнне падаткаў, павелічэнне ПДВ. Пазычыць можам толькі ў Расеі, бо ніхто больш не пазычае. Расея занятая вайной, таму таксама пакуль не праяўляе залішняй шчодрасці.
Па словах Льва Львоўскага, на такім фоне пагрозліва выглядае адток бізнесу з Беларусі. Толькі за 2 апошнія гады ў той жа Польшчы адкрыліся 1500 кампаній з беларускім капіталам. Трывогу выклікае і масавы сыход з беларускага рынку ІТ-кампаній.
Беларускае Радыё Рацыя