Лукашэнка: „Гомсельмаш” як мага хутчэй трэба выводзіць на рэнтабельную працу
„Гомсельмаш” як мага хутчэй трэба выводзіць на рэнтабельную працу, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі 25 ліпеня ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у час наведвання вытворчага цэха „Навасёлкі” птушкафабрыкі прадпрыемства „Беларуснафта-Асобіна” Лукашэнка паставіў задачу ўраду распрацаваць стратэгію развіцця „Гомсельмаша”.
„Што да „Гомсельмаша”, даручэнне [першаму віцэ-прэм’еру Аляксандру] Турчыну — падключайце ўрад і неадкладна разбірайцеся. „Гомсельмаш” заўсёды быў, ёсць і будзе ў краіне, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэта 20-25 гадоў назад мяне пераконвалі: нам не патрэбныя камбайны, нічога не трэба і „Гомсельмаш” неабходна прадаць. Сёння мы бачым, што гэта добрая школа. Спадзяюся, сёння ўбачым новы камбайн, створаны літаральна за год ці два. Гэта добрая група навукоўцаў, канструктараў. Ні ў якім разе нельга загубіць гэтую школу. І тэхніка гэтая патрэбная. Але трэба варушыцца”.
„Збірайцеся і думайце, але каб у наступным годзе мы перасталі казаць пра „Гомсельмаш” у адмоўным плане”, — запатрабаваў афіцыйны лідар.
Як праінфармаваў Лукашэнку першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, прадпрыемства праходзіць фінансавы аўдыт, паступова разгружаюцца яго склады. Зараз разглядаюць розныя канцэпцыі развіцця „Гомсельмаша”. „Нам трэба будзе потым з вамі абмеркаваць стратэгію развіцця”, — дадаў ён.
„Няма пытанняў, давайце абмяркуем, — адказаў Лукашэнка. — Але я вам казаў, што на гэтым прадпрыемстве трэба прыводзіць да ўлады моладзь”.
Кіраўнік дзяржавы таксама „запатрабаваў узяць пад жорсткі кантроль сітуацыю з паморкам жывёлы”, паведамляе прэс-служба. „Яшчэ раз паўтараю для ўрада і на будучыню: за паморак жывёлы сядзеце ў турму. 85 тысяч, па-мойму, летась. Вы ўяўляеце, колькі б гэта было мяса”, — заявіў ён.
Лукашэнка даручыў Генпракуратуры працягваць ушчыльную займацца гэтым пытаннем. „Гэта недапушчальна, то корм дрэнны, то тое, то гэтае — бязладнасць! Звярніце на гэта ўвагу. Я пакуль яшчэ па-добраму з вамі размаўляю”, — падкрэсліў ён.