Лукашэнка назваў прозвішчы сваіх магчымых пераемнікаў



Падчас рабочай паездкі ў Слуцкі раён Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, хто можа стаць яго пераемнікам, паведамляе праўладны тэлеграм-канал „Пул першага”. Паводле слоў Лукашэнкі, трэба, каб „за спіной было два-тры чалавекі”. Гэта з яго слоў павінны быць „моцныя, прафесійныя і разумныя хлопцы”.

Адным з кандыдатаў на сваё месца Лукашэнка назваў кіраўніка Менскага аблвыканкама Аляксандра Турчына.

– Я гляджу, вось Турчын зможа кіраваць краінай ці не? Сам сабе думаю: а калі не здолее? А ўжо потым не ўмяшаешся. Як жа, перашкаджаць жа не будзеш прэзідэнту, – сказаў Лукашэнка.

Другі ў спісе – Дзмітрый Круты, які на днях стаў новым паслом Беларусі ў Расеі.  Ну, Круты, скажам так. Гэта вялікая праблема, – дадаў Лукашэнка.

Нагадаем, у сакавіку мінулага года, выступаючы перад працоўным калектывам прадпрыемства „Малочны свет” у Гародні, Лукашэнка назваў прозвішчы іншых кандыдатаў на сваё месца: былога кіраўніка МУС Юрыя Караева і губернатара Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка.

Беларускае Радыё Рацыя