Макей: Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносінаў



Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі двухбаковых адносінаў, заявіў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей 25 красавіка падчас цырымоніі адкрыцця дошкі ў памяць амерыканскай супрацоўніцы ААН Рут Уолер у менскай сярэдняй школе № 130.

Удзел у цырымоніі ўзяла намеснік генеральнага сакратара ААН Хелен Кларк, якая прыбыла ў Менск 24 красавіка, а таксама часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

«Мы павінны глядзець адзін на аднаго не праз зброевыя прыцэлы, а павінны размаўляць, мець адкрыты дыялог. Так, дыялог можа быць цяжкім, але мы павінны шукаць кампрамісныя рашэнні тых складаных пытанняў, якія здаюцца непераадольнымі», — сказаў кіраўнік МЗС.

На яго думку, Беларусь і ЗША цяпер якраз знаходзяцца на этапе «паступальнага пашырэння пазітыўнай атмасферы ў адносінах». «Я перакананы, што гэта працягнецца. У абодвух бакоў ёсць гатоўнасць да поўнай нармалізацыі нашых адносін. Мы маленькая краіна, і мы разумеем, якую ролю адыгрываюць ЗША ў свеце», — заявіў Макей.

У сваю чаргу Скот Роланд, адказваючы на пытанне пра магчымасць вяртання ў Менск пасла ЗША, адзначыў: «Гэта, вядома, было б вельмі добрым крокам наперад. Я спадзяюся, што сёлета гэта можа быць тэмай для абмеркаванняў з Міністэрствам замежных спраў Беларусі».

У адказ на гэта Макей сказаў: «Я магу вам прадаць маленькі сакрэт: на адной з апошніх сустрэч з нашымі амерыканскімі партнёрамі наш прэзідэнт сказаў спадару Роланду: «Дык давайце мы вас прызначым паслом!» На жаль, гэта залежыць не ад нас, але мы працуем над тым, каб у найбліжэйшай будучыні мы мелі магчымасць для паўнавартаснага, поўнафарматнага дыялогу на ўзроўні пасольстваў».

У сакавіку 2008 года колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску была скарочаная паводле патрабавання беларускага боку з 35 чалавек да пяці. Гэта адбылося пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Крыху пазней пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Менск паводле патрабавання беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт.

У 2014 годзе беларускі бок дазволіў павялічыць штат пасольства ЗША з пяці да шасці чалавек, пасля чаго амерыканскае дыппрадстаўніцтва пашырыла спіс візавых паслуг для грамадзян Беларусі.

У лютым гэтага года Скот Роланд выказаў надзею на тое, што пытанне пра пашырэнне штату амерыканскага пасольства ў Мінску будзе вырашанае на працягу года. Ён падкрэсліў, што пытанне аб аднаўленні паўнавартаснай працы пасольства ЗША ў Беларусі «абмяркоўваецца і ў Вашынгтоне, і ў Менску».

БелаПАН