Малгажата Гасеўска: Заўважаем лібералізацыю рэжыму ў Беларусі



Падчас дэбатаў пасля выступа міністра замежных справаў Польшчы дэпутат Малгажата Гасеўская зазначыла, што Польшча заўважае пазітыўныя змены ў Беларусі. На думку прадстаўніка кіроўнай большасці, Лукашэнка не падтрымлівае дзеянні Пуціна ва Украіне, а ўвядзенне з расейскага боку кантролю на мяжы з Беларуссю таксама з’яўляецца важным сведчаннем:

– Мы бачым пэўныя прыкметы лібералізацыі рэжыму ў гэтай краіне, змены рыторыкі ў адносінах да Захаду, адсутнасць падтрымкі Лукашэнкам расейскіх дзеянняў ва Украіне. Чакаем далейшых крокаў у гэтым кірунку, якія павінны выразіцца ў прызнанні пэўных праў для польскай меншасці ў Беларусі, адпавядаючых еўрапейскім стандартам.

Тым не менш, дэпутат адзначыла, што Беларусь – вельмі цяжкі партнёр, і таму немагчыма сказаць, наколькі трывалымі акажуцца “пазітыўныя моманты.” Адначасова Малгажата Гасеўская дадала, што Варшава не павінна выконваць усе жаданні Менска:

– Польшча, аднак, не мусіць неэквівалентна рэалізоўваць пажаданні беларускага боку. Спыненне падтрымкі беларускай апазіцыі павінна мець месца разам з паступовай дэмакратызацыяй грамадства.

У тым жа ж выступе Малгажата Гасеўская распавяла пра небяспеку ўплыву расейскай прапаганды як элемента гібрыднай вайны ў Еўропе.  Барацьба супраць яе ўплыву мае стаць адным з прыярэтэтаў спецслужбаў нашых краінаў – дадала дэпутат.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Ілюстрацыя Эксперт ONLINE