Міністр новы – палітыка старая



У беларускай інфармацыйнай прасторы нічога не зменіцца – ў адзін голас кажуць эксперты ды журналісты. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Лілію Ананіч міністрам інфармацыі Беларусі. Гэта дасведчаная чыноўніца – з 2003-га года працавала першым намеснікам міністра.

Змена асобаў на пасадах у Беларусі нічога не мяняе, бо медыйную палітыку вызначае А. Лукашэнка, перакананы журналіст з Гародні Андрэй Пачобут:

– Вялікай розніцы ад таго, хто будзе прызначаны на самой справе няма. Беларуская палітыка ў дачыненні да незалежных СМІ і не да СМІ не змяняецца. Гэта абслуга ўлады і яна выкарыстоўваецца менавіта так, як абслуга дзяржаўнай палітыкі. Улады змагаюцца супраць незалежых СМІ, яна трактуе іх як дыверсантаў. Незалежна ад таго, хто будзе міністрам інфармацыі, гэта палітыка будзе працягнута.

Зменаў чакаць не варта, у гэтым перакананы і медыяаналітык, аўтар “Медыякрытыкі”mediakritika.by Аляксандр Класкоўскі:

– Спадарыня Ананіч шмат гадоў адпрацавала ў Міністэрстве інфармацыі і ў тым ліку не адзін год была першым намеснікам Праляскоўскага. Яна мела наўпроставыя дачыненні да ранейшай палітыкі, дастаткова жорсткай, і напэўна ўлады ў гэтым выпадку вырашылі не мудрыць і прызначыць з ліку старых правераных кадраў чалавека, які гэтую ж лінію будзе весці і далей.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, Ананіч і раней у значнай ступені фармавала дзяржаўную палітыку ў галіне інфармацыі. Яна стала міністрам з думкай пра чарговыя прэзідэнцкія выбары.

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама зменаў на інфармацыйнай прасторы не чакае. Паводле намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, міністр Ананіч даўно журналістам вядомая – проста зараз выйшла з ценю:

– У галіне Міністэрства інфармацыі яна працуе ўжо колькі год, бо раней было Міністэрства культуры і друку Беларусі, потым быў Дзяржкамітэт па друку, з 2001 года яна працуе намеснікам міністра інфармацыі. Таму цяжка чакаць нейкіх зменаў пасля таго, як чалавек, які быў тварам, па вялікаму рахунку, міністэрства, цяпер яго і ўзначаліў.

Калі намеснік становіцца міністрам, то відавочна – былая палітыка працягнецца, кажаАндрэй Пачобут:

– Праляскоўскі ён як бы пэўны імідж ужо мае, яшчэ з часоў калі ў Адміністрацыі прэзідэнта быў. Гэта чалавек, які паслядоўна хацеў зачысціць медыяпрастору, чалавек, які хацеў развіваць дзяржаўны інтэрнэт. Памятаеце яго пробу актывізаваць раённыя газеты, каб яны стварылі свае старонкі, але нейкіх поспехаў у гэтай сферы нічога не прынеслі. Яму не ўдалося стварыць моцную прысутнасць дзяржаўнай ідэалогіі ў інтэрнэце, не ўдалося ўладзе дамінаваць у інтэрнэце так, як у традыцыйных медыях. Я думаю, што гэта галоўная параза Праляскоўскага, але я не думаю, што ў Ананіч у гэтым кірунку нешта атрымаецца. Я думаю, што хутчэй за ўсё ўсё будзе так, як за Праляскоўскім – гэта значыць гэты ж кірунак. Ананіч не падобная да асобы, якая крэатыўная, якая будзе прасоўваць нейкія там інтэрнэт-праекты, раскручваць і г.д. Непадобная яна проста, і гэтым яна адзначылася, яна адзначылася папярэджваннямі, замыканнямі, адмыканнямі, я думаю, што гэтага і належыць ад яе чакаць.

Новапрызначаны міністр Лілія Ананіч працуе ў Міністэрстве інфармацыі з 1992-га года. Пры міністры Міхаілу Падгайным у 2001-м стала ягоным намеснікам. Пры Уладзіміру Русакевічу ў 2003-м заняла пасаду першага намесніка міністра. Гэтае ж месца займала і пры Алегу Праляскоўскім, якога А. Лукашэнка вызваліў ад пасады міністра сёлета 4 чэрвеня.

Улад Грынеўскі. Тэма праекта “Месца для прэсы”.

Фота naviny.by