Міжнародны дзень інвалідаў
Сёння – Міжнародны дзень інвалідаў. Адной з галоўных яго задач з’яўляецца прыцягненне ўвагі да неабходнасці стварэння безбар’ернага асяроддзя.

Па афіцыйных дадзеных у Беларусі 20% сацыяльных аб’ектаў з’яўляюцца даступнымі для грамадзянаў з інваліднасцю, у бліжэйшы год гэтую лічбу абяцаюць павялічыць яшчэ на 3%. Усяго ж з бюджэту на развіццё безбар’ернага асяроддзя на пяць гадоў выдаткавана звыш 300 мільёнаў рублёў.
З нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся ў грамадзянаў ці заўважаюць яны развіццё даступнага асяроддзя:
— У некаторых будынках там спецыяльна зроблена, каб узнімацца і гэтак далей. А так я не бачыла ніводнага прадпрыемства, дзе б працаваў, чалавек на калясцы ці нешта яшчэ. Гэта значыць, у нас, мне здаецца, не вельмі.
— Вельмі шмат што робіцца проста для галачкі. Ёсць такія будынкі, дзе пабудавалі новыя аптэкі, новыя ўсё. Там пандусы проста зрабілі абы было.
— На калясках цяжка ездзіць. Дарогі ўсё разбітыя. Збольшага, у крамы недзе заехаць ужо лепш.
Яшчэ адна праблема для грамадзянаў з інваліднасцю – гэта працаўладкаванне. Афіцыйна звыш 200 тысяч з’яўляюцца працаздольнымі, з іх больш за палову атрымалі дазвол на працу, але знайшлося працоўнае месца для 70 тысяч чалавек з абмежаванымі магчымасцямі.
Беларускае Радыё Рацыя
