МЗС Украіны выказаў пратэст у сувязі з нападам на свае консульствы
Міністэрства Замежных Справаў Украіны выказала пратэст у сувязі з нападам на свае консульствы ў Маскве і Растове-на-Доне, паведамляе сайт ведамства.
«Патрабуем ад расейскай улады неадкладнага ўсебаковага расследавання, строгага пакарання вінаватых, а таксама кампенсацыі нанесенай матэрыяльнай шкоды», – адзначаецца ў паведамленні. Украінскае знешнепалітычнае ведамства расцэньвае падобныя дзеянні, як правакацыю супраць Украіны.
Перад генеральным консульствам Украіны ў Растове-на-Доне прайшоў стыхійны мітынг. Дыпламатычную місію пікетавалі каля пяцідзесяці чалавек з расейскімі сцягамі. Яны пратэставалі супраць таго, як украінскія ўлады прадстаўляюць Расею на сусветнай арэне. Удзельнікі пікета аспрэчваюць сваё дачыненне да начнога пагрому. Нагадаем, напады на Генеральныя консульствы Украіны адбыліся мінулай ноччу. У Маскве некалькі хуліганаў затрымаў АМАП. У Растове-на-Доне ніхто затрыманы не быў. Мясцовая паліцыя заявіла, што праводзіцца праверка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота censor.net.ua