Новы ўрад не дазволіць стварыць гміну Грабаўка? (абноўлена)



Стварэнне новай гміны Грабаўка пад пытаннем. На сайце польскага Урада з’явіўся праект рапараджэння, якое адмяняе папярэдняе рашэнне Савета Міністраў у справе яе стварэння.

Гэта абгрунтоўваецца тым, што па выніках травеньскага рэферэндуму 55% жыхароў усёй гміны Супрасль былі супраць падзелу. Згодна з праектам рапараджэнне павінна ўступіць у сілу да канца года. Наступнае пасяджэнне Урада адбудзецца 8 снежня.

За адмову ад ідэі стварэння новай гміны сярод іншых змагаўся мэр Супрасля Радаслаў Дабравольскі.

Жыхары, якія змагаліся за стварэнне новай гміны папярэджваюць, што будуць пратэставаць, кажа солтыс вёскі Засцянкі Павел Каранкевіч.

Нехта зрабіў нам такі вось «падарунак». У інтэрнэце можна ўбачыць, як гэта выглядае: нібы ёсць нейкі праект новага распараджэння, пра адмену старога распараджэння мінулага Ўрада і мы не ведаем, што цяпер будзе. Мы будзем блакаваць дарогу ў кірунку на Баброўнікі, транспартную развязку ў Грабаўцы, хто хоча, няхай прыходзіць. Усіх людзей, які неабыякавы лёс нашай гміны мы запрашаем да ўдзелу.

Пратэст жыхароў Грабаўкі і навакольных вёсак адбудзецца 4 снежня з 14 да 16 гадзін.

„Гэта наносіць удар па асновах дэмакратыі. У нашых вёсках за новую гміну было амаль 79% насельніцтва. Цяпер ніхто не пытаў нас пра меркаванне”, – кажа Пётр Тадарчук, адзін з ініцыятараў стварэння новай гміны.

Падрыхтоўка да стварэння новай гміны ішла некалькі месяцаў. За яе стварэнне жыхары змагаліся на працягу некалькіх гадоў. У яе склад павінны былі ўвайсці вёскі Засцянкі, Грабоўка, Генрыкава, Собалева і Саўляны. На наступным тыдні павінна была адбыцца кансультатыўная сустрэча па гэтым пытанні, аднак, з-за праекта распараджэнне было адменена.

Беларускае Радыё Рацыя